Уладзімір Няпомняшчых - герой акцыяў пратэсту з Гомеля
- 24.12.2017, 15:38
Цягам года актывіст з Гомеля паказаў сябе найбольш яскравым і актыўным удзельнікам акцый пратэстаў.
Асамблея НДА прызнала гомельскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых адным з грамадзянскіх чэмпіёнаў у намінацыі «рэгіянальная падзея», паведамляе gomelspring.org.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які разглядаў ягоныя справы, падлічыў, як дзяржава ацаніла актыўнасць чэмпіёна ў адыходзячым годзе. Выявілася, за ўдзел у пратэстных акцыях цягам года былы афіцэр міліцыі адбыў за кратамі 18 дзён арыштаў і быў вымушаны выплацiць 130 базавых адзінак (2 990 руб) штрафаў.
Успамінаючы рэгіянальныя падзеі адыходзячага года, праваабаронца адзначыў, што Уладзімір Няпомняшчых з'яўляўся ў Гомелі адным з заяўнікаў мірнай акцыі пратэсту, якая прайшла 19 лютага. У сувязі з адмовай гарвыканкама ў выдачы афіцыйнага дазволу на вулічнае шэсце і мітынг ён не адмовіўся ад барацьбы і звярнуўся ў Камітэт ААН у правах чалавека аб парушэнні права на мірны сход і выражэння сваёй думкі.
«Па-за ўсялякімі сумневамі, цягам года Уладзімір паказаў сябе найбольш яскравым і актыўным удзельнікам акцый пратэстаў, прычым не толькі ў Гомелі. За ўдзел у «маршы недармаедаў» у Рагачове ён адседзеў тры дні, за сталічныя маршы пратэстаў ён паплаціўся максімальнымі штрафнымі санкцыямі. Улада не даравала яму нават акцыі падтрымкі незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай у судзе Гомельскага раёна, адправіўшы за краты на 5 дзён», - прыгадаў падзеі года Леанід Судаленка,
Прызнаны ўладай адвакатам дармаедаў юрыст успамінае, як пасля паспяховага лютаўскага «Маршу недармаедаў» 19 лютага ў Гомелі ўлада паспрабавала не дапусціць паўтарэння такой масавай акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка, з гэтай прычыны напярэдадні ўсе актыўныя ўдзельнікі былі адпраўленыя за краты. Не змог пазбегнуць такой долі і Уладзімір - 16 сакавіка суд Чыгуначнага раёна Гомеля адправіў яго ў ізалятар часовага ўтрымання на 10 дзён арышту.
Потым цягам года прызнаны чэмпіён браў удзел у розных пратэстных акцыях не толькі ў Гомелі, але і ў сталіцы, за што зазнаваў сістэматычны пераслед адміністрацыйнымі санкцыямі. Супрацоўнікі АМАПу вартавалі і затрымлівалі каля пад'езду, каб не дапусціць ягонага ўдзелу ў пратэстных акцыях у Менску, абвінавачвалі ў так знаёмых для ўсім актывістаў артыкулах у «хуліганстве» і «непадпарадкаванні міліцыі».
Паводле выніку года Уладзімір Няпомняшчых падаў скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека, дзе пералічыў усе выпадкі пераследу дзяржавай за ўдзел у пратэстных акцыях.