Грузія запатэнтавала «чачу», «чурчхелу» і «хачапуры»
- 24.12.2017, 20:50
Грузія запатэнтавала таварныя знакі 30 найменняў нацыянальных прадуктаў.
Пра гэта паведамляе interfax.ua са спасылкай на кіраўніка цэнтра Іраклія Гваладзе.
«Між іншым, запатэнтаваныя «чача» (вінаградная гарэлка), «хачапуры» (аладка з сырам), «чурхела» (слодыч з нанізаных на нітку арэхаў у згушчаным вінаградным соку), «сулгуні» (слоены сыр) і іншыя, усяго 30 прадуктаў», - сказаў ён.
Кіраўнік «Сакпатэнці» адзначыў, што апошнім часам яго ведамства сутыкнулася з праблемай прысвойвання грузінскіх нацыянальных брэндаў у краінах Усходняй Еўропы і асабліва ў Расеі, дзе было некалькі спробаў, напрыклад, зарэгістраваць «хачапуры» і «сулгуні».
«Гэта стварае нам сур'ёзныя праблемы пры рэгістрацыі прадукту, вырабленага непасрэдна ў Грузіі», - заявіў Гваладзе.
З ягоных слоў, рэгістрацыя нацыянальных брэндаў працягнецца і ў будучыні. «У першую чаргу, мы зарэгістравалі назвы прадуктаў, але ў будучыні запланавана рэгістрацыя і іншых вядомых грузінскіх брэндаў», - заявіў кіраўнік «Сакпатэнці».
У жніўні Грузія вярнула сабе гандлёвы знак папулярнага віна «Хванчкара», які ў 2005 годзе быў прысвоены патэнтным бюро ЗША кампаніі Dozortsev&Sons, а таксама прадухіліла яе прэтэнзію на таварны знак яшчэ аднаго грузінскага віна - «Кіндзмараулі», атрымаўшы тым самым магчымасць экспартаваць віны гэтых марак на амерыканскі рынак.