Паляк Павел Станчак узначаліў «Укртрансгаз»
- 24.12.2017, 21:39
Раней ён быў віцэ-прэзідэнтам гэтага акцыянернага таварыства.
З 23 снежня новым кіраўніком украінскай дзяржаўнага прадпрыемства «Укртрансгаз» прызначаны паляк Павел Станчак. Раней ён быў віцэ-прэзідэнтам гэтага акцыянернага таварыства.
Пра гэта паведамляе выданне «Зеркало недели» са спасылкай на крыніцы ў НАК «Нафтагаз Украіны».
Рэсурс нагадвае, што ў канцы жніўня польскага спецыяліста абралі на пасаду прэзідэнта кампаніі «Укртрансгаз». Тады распаўсюдзілася інфармацыя аб тым, што кантракт з ім будзе заключаны тэрмінам на адзін год. Аднак пасля стала вядома, што Служба бяспекі Украіны затрымлівае гэта прызначэнне.
Прычынай такога кроку з боку прадстаўнікоў спецслужбы было тое, што неграмадзянін Украіны можа атрымаць допуск да матэрыялаў, якія тычацца бяспекі дзяржавы, бо ПАТ «Укртрансгаз» - стратэгічнае прадпрыемства транспартавання і захоўвання газу.
Аднак цяпер выбраны ў выніку конкурсу Павел Станчак ужо павінен прыступіць да працы пасля ўрэгулявання ўсіх фармальнасцяў.
Заўважым, што польскі спецыяліст Станчак мае тэхнічную і адукацыю ў кіраванні, таксама больш за 25 гадоў працуе ў галіне транспартавання, размеркавання і захоўвання газу.