BE RU EN

Як кіберзлачынцы падманваюць беларусаў на грошы

  • 26.12.2017, 21:16

З карткі жыхара Столінскага раёна праз інтэрнэт невядомыя знялі 250 рублёў.

Як паведамілі «Медыя-Палессі» ў Столінскім раённым аддзеле Следчага камітэта, за адну ноч 20 інтэрнэт-сяброў жыхаркі Столінскага раёна атрымалі лісты, у якіх дзяўчына прасіла аб тэрміновай грашовай дапамозе.

Адзін з карыстальнікаў адгукнуўся на просьбу знаёмай. 23-гадовы малады чалавек выслаў паведамленнем нумар сваёй банкаўскай карты і іншыя звесткі, неабходныя для зняцця з яе грашовых сродкаў. Раніцай высветлілася, што дзяўчына паведамленне не адпраўляла, а яе старонку ў сацыяльнай сетцы нехта ўзламаў. З карткі неабыякавага да бяды мужчыны было знята 250 рублёў.

Як паведаміў «Медыя-Палессі» намеснік начальніка Столінскага РАСК Аляксандр Каржоўнік, гэта не першы выпадак на Століншчыне, калі ашуканцы такім чынам завалодваюць грашовымі сродкамі карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.

У РАСК раяць не выдаваць рэквізіты сваіх банкаўскіх карт, нікому іх не перадаваць. Ашуканцам дастаткова ведаць гэтыя звесткі і тры лічбы каля магнітнай паласы на карце, каб з дапамогай СМС-банкінгу зарэгістравацца і стварыць свой пароль для завалодання чужымі грашовымі сродкамі.

Згодна з арт.212 КК РБ «Крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі», за такое злачынства прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў. Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі (згодна з арт. 349 КК РБ) цягне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў.

Апошнія навіны