Памілаваны экс-прэзідэнт Перу папрасіў прабачэння ў народа
- 26.12.2017, 21:39
Тысячы перуанцаў выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць вызвалення экс-прэзідэнта.
Вызвалены з-за кратаў і памілаваны былы прэзідэнт Перу Альберта Фухіморы папрасіў прабачэння ў насельніцтва сваёй краіны за дапушчаныя памылкі ў час яго знаходжання ва ўладзе, паведамляе DW.
«Я ведаю, што вынікі майго праўлення былі добра прынятыя адным бокам, але, з іншага боку, я прызнаю, што расчараваў іншых суайчыннікаў. Ад усяго сэрца прашу ў іх прабачэння», - заявіў экс-кіраўнік дзяржавы ў аўторак, 26 снежня, у відэазвароце, запісаным на бальнічнай койцы і апублікаваным на яго старонках у сацыяльных сетках.
Вестка пра тое, што прэзідэнт Перу Пэдра Пабла Кучынскі памілаваў Фухіморы, патлумачыўшы гэта станам здароўя экс-прэзідэнта, выклікала хвалю пратэстаў у лацінаамерыканскай краіне. Больш за 5 тысяч чалавек выйшлі ўвечары 25 снежня на вуліцы Лімы, патрабуючы адстаўкі Кучынскі. «Прэч, прэч, ППК!» - выкрыквалі дэманстранты, называючы прэзідэнта яго ініцыяламі. Паліцыя ўжыла слезацечны газ і перакрыла вуліцы, каб перашкодзіць шэсцю пратэстоўцаў да бальніцы, дзе знаходзіцца Фухіморы.
«Гэта проста беспакаранасць»
Генеральны сакратар Міжамерыканскай камісіі правоў чалавека Паўлу Абраў заявіў, што датэрміновае вызваленне экс-прэзідэнта абражае ахвяр ягонага рэжыму. «Гэта не прымірэнне. Гэта проста беспакаранасць», - дадаў праваабаронца.
У канцы мінулага тыдня 79-гадовы Фухіморы, які пакутуе невылечным захворваннем у прасунутай стадыі, быў пераведзены з турмы ў шпіталь. На паведамленне лекараў, у экс-прэзідэнта нізкі крывяны ціск, што нясе рызыку для жыцця.
Альберта Фухіморы аўтарытарна кіраваў Перу з 1990 да 2000 года. За парушэнні правоў чалавека і карупцыю ён быў прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі. З прызначанага яму тэрміну Фухіморы адбыў у зняволенні 12 гадоў.