Пробашч з Віцебску: Выходны 2 лістапада аб'ядноўваў бы беларусаў
- 27.12.2017, 21:33
Чаму ўлады адмаўляюць тысячам беларусаў зрабіць 2 лістапада непрацоўным днём.
Адному дазволіш – і іншыя захочуць. Менавіта гэткай логікай кіраваліся чыноўнікі з апарату Упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай аховы ды Міністэрствам замежных спраў, калі адмаўлялі тысячам каталікоў, грамадзянам Беларусі ў просьбе зрабіць 1 і 2 лістапада непрацоўным днём. У той час, як праваслаўныя вернікі ў нашай краіне на свой дзень памяці продкаў – Радаўніцу – маюць афіцыйны выходны, зрабіць тое ж самае з Дзядамі для каталікоў улады палічылі немэтазгодным.
У інтэрв'ю «Белсату» пробашч касцёлу Св. Антонія ў Віцебску Вячаслаў Барок распавёў, чаму 2 лістапада мае стаць выхадным днём у Беларусі.
«У адказе не гучыць мова пра 2 лістапада, толькі пра 1-га. 1 лістапада, я лічу, гэта адна праблема, а 2-га – зусім іншая. Гэта два розныя дні, два розныя святы. Калі пра 1 лістапада яшчэ можна паспрачацца, атэісты маглі б абурацца, што католікі будуць святкаваць гэты дзень, то 2 лістапада гэта акурат той дзень, які павінен нас аб’ядноўваць, гэта памяць пра нашых памерлых продкаў», – заявіў Вячаслаў Барок.