Стала вядома, што пабудуюць на цэнтральнай плошчы Менска
- 29.12.2017, 20:33
Дамінантай на Кастрычніцкай плошчы стане будынак з буцікамі і апартаментамі для бізнэс-эліты.
На месцы знесенага музея Вялікай Айчыннай вайны гараджане прасілі зрабіць сквер. Але ўлады палічылі, што правал паміж двума будынкамі плошчу не ўпрыгожыць і дазволілі кампаніі «Белінтэ-Роба» (якая ўваходзіць у «Дана Холдынгс») пабудаваць тут шматфункцыянальны цэнтр. На днях кампанія разаслала эскіз, які паказвае, як будзе выглядаць будынак, піша tut.by.
Канцэпцыю фасадаў тлумачаць так: «будынак «Вэлком» дыктуе дух сённяшняга дня і сучасных тэндэнцый. Акрамя таго, прымаючы пад увагу неабходнасць «прымірэння» розных напрамкаў, варта аддаць перавагу стылю на мяжы класікі і сучаснага мадэрна. Архітэктурную канцэпцыю будынка задае эклектыка двух стылявых кірункаў - лаканічныя формы неакласікі арганічна спалучаюцца з прамымі элементамі класікі».
Забудоўшчык не паказвае, якой вышыні будзе будынак. На эскізе ён не вышэйшы за будынак «Вэлкома», але гэта ўмоўнасць, як і чыстае поле за будынкам. І восем паверхаў, якія праглядаюцца з фасадаў, не дазваляюць вызначыць рэальны маштаб будынка - бо вышыня паверху можа быць і 3, і 6 метраў.
Мы папрасілі архітэктара Дзмітрыя Альхімовіча па прапорцыях будынка зрабіць арыентыровачны разлік вышыні.
Будынак з арыентыровачнымі параметрамі ўпісалі паміж будынкам «Вэлкома» і ДК прафсаюзаў.
Будынак не «задушыць» навакольныя, але стане новай дамінантай плошчы.
Што будзе ўнутры?
У афіцыйным паведамленні забудоўшчыка сказана: «Праектам прадугледжаны памяшканні для самых буйных сусветных брэндаў і кампаній; аптымальныя да размяшчэння суадносіны гандлёвых плошчаў класа люкс дробнага фармату (эксклюзіўныя гадзіннікі, ювелірныя вырабы, прадметы высокай моды), адміністрацыйна-офісных памяшканняў у спалучэнні з бізнэс-апартаментамі высокага класа і рэстаранам з агляднай тэрасай на даху будынка».
Гэта значыць будуць офісы брэндаў, буцікі і жыллё для прадстаўнікоў бізнэс-эліты.
У падвальным паверсе запланаваны гараж і дадатковая двухузроўневая стаянка – з унутрыдваровых тэрыторыі будынка.