Сяргей Чыслаў: Гэта тактычная перамога, але не стратэгічная
- 3.12.2017, 20:14
Крымінальны пераслед удзельнікаў «справы патрыётаў» спынены, але мы яшчэ доўга будзем спрабаваць зразумець, што гэта было.
«Мяркую, ахвяры былі абраныя загадзя, такі сцэнар быў падрыхтаваны яшчэ да пратэстаў», - распавёў сайту palitviazni.info стваральнік легендарнай арганізацыі «Белы Легіён» Сяргей Чыслаў.
«Асабіста я, як адзін з тых, хто прыклаў у свой час шмат намаганняў для стварэння «Белага Легіёну», шчыра дзякую ўсім, хто мае дачыненне да гэтай невялікай тактычнай перамогі - вызвалення патрыётаў з турмы і, галоўнае, - спыненне сфальшаванай крымінальнай справы, - напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук Сяргей Чыслаў. - Фактычна мы разам - грамадскія актывісты, журналісты, адвакаты, праваабаронцы, прадстаўнікі дыяспары і дыпламаты - прымусілі карную сістэму адступіць. З невялікай, але з Перамогай нас! Шчыры зямны паклон Вам, сябры!»
- Вы самі верылі ў такі расклад падзей?
- Так, але з папраўкамі, што некалькі чалавек (у першую чаргу тых, каму падкінулі зброю) будуць «катаваць» доўгі час. Для мяне відавочна - «справа патрыётаў» была патрэбная, каб збіць вясновую хвалю пратэстаў.
- Ці варта цяпер хлопцам дамагацца ад дзяржавы нейкай кампенсацыі?
- Следства хітра падало вынікі расследавання справы. Склад злачынства быццам бы і ёсць, але ён малазначны. Таму наўрад ці можна будзе хлопцам разлічваць на нешта большае. А наогул, кожны сам будзе вызначаць, як паступаць далей. Гэта залежыць ад нашых сяброў, ад таго, наколькі яны стаміліся ад гэтай справы. Але на дзяржаўныя СМІ, якія абгаварылі людзей, безумоўна, варта было б падаць у суд.
- Вы ўважаеце спыненне справы за тактычную перамогу?
- Тактычную, але не стратэгічную. Ці можна было пазбегнуць гэтай сітуацыі з арыштамі? На мой погляд, ахвяры былі абраныя загадзя, такі сцэнар быў падрыхтаваны да пратэстаў, бо здымкі лагера ў Бабруйску вяліся яшчэ тры гады таму. Улады доўга прыдумлялі, якім чынам гэта можна выкарыстоўваць і ў які час. І скарысталіся. Эфект быў дасягнуты - увагу людзей адцягнулі.