BE RU EN

Берасцейцы пра планы на 2018 год: «Калі будзе ў краіне горш, давядзецца выехаць»

  • 30.12.2017, 12:33

2017 год запомніўся жыхарам Берасця мітынгамі не дармаедаў.

Напярэдадні Новага года «Брестская газета» запыталася гараджан, чым запомніўся 2017 год і якія надзеі яны звязваюць з надыходзячым годам.

Ірына, хатняя гаспадыня, з сынам Яўгенам:

- Запомніўся год, напэўна, больш добрым, чым дрэнным. Расце дзіця, хутка ў школу пойдзе. Такое ўсё будзённае, усё звязанае з сям'ёй. Што тычыцца надыходзячага года, гэта значыць у мужа бізнэс-ідэя. Спадзяёмся, што збудзецца. Такія планы. Хочам, каб дзіця пачало, у рэшце, мяса есці, яно ў мяне вегетарыянец. Галоўнае, каб у 2018 годзе былі ўсе здаровыя.

Максім, будаўнік:

- 2017 год запомніўся спартыўнымі падзеямі, дасягненнямі нашай каманды «Дынама-Брэст». У асабістым жыцці - дзіця нарадзілася, хлопчык. Налета ў планах памяняць працу, якая б лепш аплачвалася, можа, у іншай краіне.

Віталь, працуе на заводзе:

- У прынцыпе, гэта быў удалы год. Адзінае, што не вельмі добра з працай. Але гэта таксама на самай справе ўдала: заўсёды можна знайсці выйсце з усіх сітуацый. А калі разабрацца, то з мінусаў - адсутнасць хоць якогасьці сацыяльнага пакета, які абяцалі. З плюсаў - выдатнае асяроддзе, шмат добрых сяброў і спагадных беларусаў. Калі б у нас палітычна краіна была пісьменнай, было б увогуле выдатна. Хвалюе толькі адно: калі будзе ў краіне горш, давядзецца выехаць. Хацелася б, каб людзі сталі мацнейшыя, не хваляваліся праз усялякія дробязі. Гэта адзінае пажаданне.

Анастасія, у дэкрэтным адпачынку:

- У 2017 годзе мы хрысцілі дачку. Сёлета яна зрабіла першыя крокі. У надзеі на наступны год - пераехаць бліжэй да родных, але гэта жаданне мы ўжо пяты год загадваць будзем.

Юрый, псіхолаг, філосаф, рамеснік і культурна-грамадскі актывіст:

- 2017 год запомніўся мітынгамі недармаедаў, дзіўнымі «рэформамі» ў адукацыі, рэгістрацыяй у якасці рамесніка, масавымі рамонтамі і рэканструкцыямі ў горадзе, у тым ліку Кобрынскага моста. Планы на 2018-ы - развіццё рамеснай дзейнасці, звальненне з сістэмы адукацыі, праца на фрыланс і больш актыўная ўцягнутасць у культурнае і грамадскае жыццё горада.

Дзмітрый, экспедытар аўтамабільнага транспарту:

- Самы галоўны вывад, які я зрабіў у 2017 годзе, - гэта тое, што не варта баяцца адкрытых слоў. На наступны год у мяне ў планах стварэнне сям'і і развіццё ў той сферы, што мне мілая, - у гарбаце.

Таццяна, лекар ветэрынарнай медыцыны:

- У 2017 годзе я знайшла дарагога майму сэрцу чалавека. Спадзяюся, што налета мы будзем як адно цэлае. Таксама абзавялася дружнай кампаніяй. Хочацца, каб у 2018 годзе гэтая кампанія стала яшчэ больш дружнай.

Людміла Яўгенаўна, пенсіянерка:

- 2017 год запомніўся нараджэннем унукаў. Новая праца ў аднаго сына з'явілася. У нас дзядулі 82 гады, і ён яшчэ жывы, дзякуй Богу. Усё добра. Чакаем, каб новы год быў не горшы. На 2018-ы ў планах рамонт, гэта адзінае, што плануем.

Аляксандр, інжынер:

- Самае галоўнае, што адбылося ў 2017 годзе, - біткойн вырас. У мяне ёсць, але няшмат. Больш не ведаю, што запомнілася ў гэтым годзе. А наогул, гэта такі ж год, як і папярэднія. Нічога новага, яркага не адбылося. Аб планах на 2018 год яшчэ не думаў.

Апошнія навіны