BE RU EN

Студэнты выйшлі на пратэстны мітынг у сталіцы Ірана

  • 30.12.2017, 21:24

Студэнты, якія выйшлі на пратэстную акцыю, выкрыквалі лозунг «Не Газа, не Лібія, маё жыццё для Ірана».

У сацсетках распаўсюджваецца запіс, на якім бачныя сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй у Тэгеране. Раней улады Ірана перасцерагалі грамадзян ад удзелу ў мітынгах у сталіцы, паведамляе DW.

Нягледзячы на засцярогі ўладаў, у суботу, 30 снежня, на трэці дзень пратэстаў іранцы выйшлі на мітынг у сталіцы краіны Тэгеране. На відэа якое распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, можна ўбачыць студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у сутыкненнях з паліцыянтамі і скандуюць лозунгі з крытыкай ураду. Кансерватыўнае іранскае агенцтва Fars ацэньвае колькасць пратэстуоўцаў як 50-70 чалавек.

У адрозненне ад пратэстаў папярэдніх дзён, удзельнікі якіх былі незадаволеныя ў большай ступені эканамічнай сітуацыяй, антыўрадавая акцыя ў Тэгеране мае палітычныя матывы. Студэнты, якія выйшлі на пратэстную акцыю, выкрыквалі лозунг «Не Газа, не Лібія, маё жыццё для Ірана». Такім чынам удзельнікі выказалі сваю незадаволенасць тым, што ўрад вылдае вялікую колькасць сродкаў на падтрымку праіранскіх груповак на Блізкім Усходзе, замест таго, каб накіраваць грошы на развіццё ўласнай краіны. Як паведамляе Fars, для здушэння мітынгу былі мабілізаваныя мілітарызаваныя паліцэйскія часткі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў падтрымку антыўрадавым пратэстам у Іране. Ён напісаў у сваім мікраблогу Twitter, што іранскім уладам варта паважаць правы людзей, у тым ліку, і на свабоднае выказванне свайго меркавання. «Свет назірае», - заявіў Трамп.

Масавыя пратэсты пачалі праходзіць у шэрагу гарадоў Ірана ў чацвер, 28 снежня. Як паведамляюць іранскія СМІ, пратэсты накіраваныя супраць эканамічнай палітыкі ўрада і высокага кошту жыцця. У другім паводле насельніцтва горадзе краіны Мешхедзе на паўночным усходзе Ірана адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй, не менш за 50 чалавек былі затрыманыя.

Апошнія навіны