У Гомелі падчас свята згарэлі дзве елкі
- 1.01.2018, 12:11
Пажарныя разлікі выязджалі двойчы за ноч, але не паспелі.
У святочную ноч згарэлі дзве 15-метровыя навагоднія елкі, устаноўленыя на пляцоўках Гомеля. Прычынай узгарання ў абодвух выпадках маглі стаць непаладкі ў электраабсталяванні. Людзі ў гэтым здарэнні не пацярпелі. Абставіны ўдакладняюцца, паведамляе onliner.by.
Успыхнула штучная елка, якая размешчаная на плошчы Перамогі ля адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Канструкцыя з металу была ўсталяваная над фантанам.
Тады ж успыхнула елка, усталяваная ля прадпрыемства «Гарэлектратранспарт».
Прайшло усё не так святочна, як і ў расейскім Паўднёва-Сахалінску, дзе елку спалілі яшчэ ўвечары, не чакаючы свята. Але таксама на высокім узроўні.
У МНС паведамілі, што ў першыя гадзіны новага года двойчы выязджалі на ўзгаранні елак у Гомелі - а 01:16 да тралейбуснага парку і а 02:55 на плошчы Перамогі. Пацярпелых няма. Знішчаны пластыкавыя пакрыцці елак і ілюмінацыя. Прычыны пажараў высвятляюцца. У абодвух выпадках у якасці адной з магчымых прычын пажару разглядаецца парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.