BE RU EN

Ларыса Шчыракова: Энэргію міліцыі накіраваць бы на завод пад Светлагорскам

  • 11.01.2018, 15:11

Гомельскую журналістку будуць судзіць за анлайн-трансляцыі ў «Фэйсбуку».

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову будуць судзіць за анлайн-трансляцыі сходаў жыхароў вёскі Якімава Слабада пад Светлагорскам, якія яна вяла ў «Фэйсбуку», паведамляе «Радыё Свабода».

Жыхары вёскі пакутуюць ад моцнага непрыемнага смуроду, крыніцай якога з'яўляецца новы кітайскі завод беленай цэлюлозы. Людзі скардзяцца на недамаганне, ваніты, галавакружэнне і абвастрэнне хранічных захворванняў. Улады і кіраўніцтва завода, аднак, запэўніваюць жыхароў, што перавышэнне дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў у паветры не зафіксаванае, а смурод не нясе небяспекі.

25 снежня жыхары вёскі Якімава Слабада правялі стыхійны сход, які здымала і транслявала ў «Фэйсбуку» Шчыракова.

10 студзеня ў сельскім доме культуры ў Якімавай Слабадзе прайшла сустрэча ўладаў і розных службаў Светлагорска з мясцовым насельніцтвам з нагоды праблем, звязаных з новым заводам.

«З сходу я вяла стрым у «Фэйсбуку». Да мяне падышоў міліцыянт, супрацоўнік Светлагорскага РАУС, і паведаміў, што з нагоды мінулага стрыма ўжо складзены адміністрацыйны пратакол і 15 студзеня будзе суд. Ён таксама сказаў мне прыбыць сёння, 11 студзеня, у Светлагорскі РАУС для складання новага пратакола - за стрым са сходу, які адбыўся 10 студзеня. Я яшчэ толькі здымаю стрым, а на мяне ўжо гатовыя складаць пратакол і паведамляюць пра гэта - небывалая аператыўнасць!» - пракаментавала Шчыракова.

Журналістка не ведае, згодна з якім артыкулам і з якімі фармулёўкамі складзены адміністрацыйны пратакол, бо не атрымлівала яго.

«Энэргію ўсёй светлагорскай міліцыянтаў варта было б накіраваць у іншае рэчышча. Замест пераследу журналістаў ім трэба было пайсці на завод беленай цэлюлозы і выставіць прэтэнзіі генеральнаму дырэктару і ягонаму намесніку - за тое, што новы завод труціць людзей. А так выходзіць, што ўлада проста абслугоўвае саму сябе, выкарыстоўваючы міліцыю»,. - дадала журналістка.

Апошнія навіны