Курды заявілі пра адказнасць Расеі за вайсковую аперацыю Турцыі
- 21.01.2018, 10:29
Эрдаган не стаў бы атакаваць без адабрэння РФ.
Курдскія Атрады народнай самаабароны, якія кантралююць кантон Афрын, заявілі, што турэцкая вайсковая аперацыя ў рэгіёне стала магчымай дзякуючы ўхваленню з боку Расеі. Пра гэта паведамляе Rudaw.
«Мы ведаем, што турэцкія вайскоўцы не сталі б атакаваць без згоды з боку міжнароднай супольнасці, у першую чаргу Расеі, якая вывела свае войскі з Афрына. - гаворыцца ў заяве генеральнага камандавання YPG, - «У сувязі з гэтым мы лічым Расею ў роўнай ступені адказнай за гэтую атаку».
Rudaw прыводзіць не ўсю заяву YPG. На сайце арганізацыі таксама гаворыцца, што камандаванне курдскіх атрадаў уважае Расею «злачынным партнёрам Турцыі ў забойстве цывільных грамадзян у рэгіёне».
Раніцай у суботу Турцыя пачала вайсковую аперацыю «Аліўкавая галіна» ў сірыйскім Афрыне, у першы этап аперацыі ВПС Турцыі нанеслі авіяўдары па сотні аб'ектах курдаў. Анкара разглядае аперацыю як «антытэрарыстычную».
Паводле звестак YPG, у першы дзень нападу загінулі 6 грамадзянскіх, яшчэ 13 атрымалі раненні. Удары наносіліся ў тым ліку па прыгарадзе Афрына і лагеру ўцекачоў. З боку курдаў таксама загінулі трое вайскоўцаў.
Расея вывела свой кантынгент - аператыўную групу вайскоўцаў і вайсковую паліцыю - з Афрына да пачатку турэцкай вайсковай аперацыі, абвясціла ў суботу, 20 студзеня, Мінабароны.