BE RU EN

У Салігорскім і Слуцкім раёнах зафіксавалі больш за 1500 землятрусаў

  • 28.01.2018, 11:27

Столькі землятрусаў спецыялісты зарэгістравалі за 34 гады.

Усе землятрусу былі слабымі, адчуваліся людзьмі на паверхні толькі пяць. Спецыялісты кажуць, што добра, калі іх шмат - тады не адбудзецца больш моцны землятрус, піша «Кур'ер».

За апошнія тры тыдні ў Салігорскім раёне было зафіксавана шэсць землятрусаў. Максімальная магнітуда аднаго - 2,5 бала, а максімальная глыбіня - 29,3 км.

Таццяна Паранова, кандыдат геолага-мінералагічных навук, загадчыца аддзела апрацоўкі і аналізу звестак маніторынгу Цэнтра геафізічнага маніторынгу, распавяла, чаму адбываюцца землятрусы і чаго баяцца людзям.

«Мы пачалі назіранні на Старобінскім радовішчы з 1983 года, калі была пабудаваная станцыя «Салігорская». Гэта лакальная сетка, якая складаецца з васьмі сейсмічных станцый.

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ ВЯЛІКІ БЫКАЎ КАЖУЦЬ, ШТО РАСКОЛІНЫ Ў СЦЕНАХ І ПЕЧАХ - ГЭТА НАСТУПСТВЫ ПРАСЯДАННЯ ГРУНТУ
ФОТА: ЯЎГЕН ГЛАДЗІН

Яны расстаўленыя так, што калі адбываецца землятрус, мы маглі максімальна запісаць яго ўсімі станцыямі.

З 1983 дагэтуль зарэгістравана больш за 1500 землятрусаў. Гэта шмат, але большасць з іх слабыя, таму людзі іх не адчуваюць. За час назіранняў у Салігорскім горна-прамысловым раёне зарэгістравана пяць землятрусаў, якія людзі адчулі. Сіла іх была невялікая, у межах магнітуды 3. Два апошнія былі наогул вельмі слабыя. Але глыбіня была невялікая, таму людзі іх адчувалі на паверхні.

Распрацоўка Старобінскага радовішча калійных соляў за ўвесь час яго эксплуатацыі - здабыча руды, транспарціроўка яе на паверхню, выклікала ў гэтым рэгіёне пераразмеркаванне напружання зямной кары, што і прыводзіць да тэктанічнай актыўнасці. Землятрусы ў асноўным носяць характар зруху.

Калі праводзім аналіз атрыманай інфармацыі паводле механізмаў ачагоў, то высвятляецца, што акрамя землятрусаў, якія адбываюцца праз здабычу калійнай руды, ёсць і іншыя. Яны адбываюцца праз прыродны разлом тэктанічных парод, якія існуюць у Прыпяцкім прагіне. У гэтым выпадку эпіцэнтр прыроднага землятрусу знаходзіцца на глыбіні да 100 км.

Такая ж карціна назіраецца і на іншых такіх радовішчах, як у Расеі і іншых раёнах. Там адбываюцца прасадкі, апоўзні, землятрусы, якія людзі адчуваюць.

Часам людзі з Салігорску і суседніх з імі вёсак тэлефануюць нам. Мы ім адказваем, ёсць землятрус ці не. Звычайна яны адчуваюць прасадкі, якія адбываюцца ў вырабатках «Беларуськалія». Натуральна, у доме бразгоча посуд, люстры.

Калі нашы спецыялісты выязджаюць у раён, дзе гэта адбылося, яны апытваюць людзей, ці заўважылі яны яго ці не, што адчувалі.

Мы праводзілі сумесныя працы з Балгарыяй, Расеяй. Наша Старобінскае радовішча адрозніваецца тым, што ў нас не адбываецца моцных землятрусаў, разрадка зямной кары адбываецца слабымі штуршкамі. Гэта вельмі добра. Таму што калі напружанне доўга назапашваецца, то потым адбываецца моцны землятрус.

У нас ёсць такі тэрмін «зацішша», калі землятрусы не адбываюцца. Тады мы пачынаем аналізаваць графік паўтаральнасці падземных штуршкоў. І ён можа паказаць, што мы можам чакаць цяпер.

Сейсмічныя лічбавыя станцыі працуюць бесперапынна. Інфармацыя ад іх да нас прыходзіць па каналах інтэрнэт-сувязі ў цэнтр. Яна абнаўляецца кожныя пяць хвілін.

Моцных землятрусаў у нас не будзе.

Некаторыя людзі з Салігорску ў нас пытаюцца, а колькі гэта будзе працягвацца. Тады мы адказваем ім прыкладна так: «Калі вы жывяце ў раёне поўнамаштабнай выпрацоўкі, то ад землятрусаў ніхто не застрахаваны». Людзі будуць адчуваць зрухі, іх не пазбегнуць.

КРЫНІЦА: KRJER.INFO

Мапа сейсмічнасці і асноўных разрыўных парушэнняў тэрыторыі Беларусі за перыяд 1887-2008 гг. 1 - магнітуда землятрусаў (белыя кругі); 2 - эпіцэнтры гістарычных землятрусаў (жоўтыя кругі); 3 - адчувальныя інструментальна зарэгістраваныя землятрусы (бірузовыя кругі). Малюнак з дакладу «Сейсмалагічныя даследаванні ў Беларусі».

Землятрусы, якія адчуваліся жыхарамі:

10 траўня 1978 года. Раніцай, а 9.05 адбыўся землятрус у раёне вёскі Кулакі (наваколле Салігорска), каардынаты эпіцэнтру φ = 52,80º N; λ = 27,70º E, магнітуда MLH = 3,5, глыбіня h = 10 км, інтэнсіўнасць скалынанняў у эпіцэнтры дасягала 4-5 балаў. Адчуваўся гул, бразгаталі шыбы, разгойдваліся вісячыя прадметы, чулася рыпанне мэблі і падлог на першых паверхах драўляных будынкаў. У шахце калійнага камбіната адбыўся абвал даху штрэка.

1 снежня 1983 года. Увечары, а 21 гадзіне 26 хвіліне і 34 секундзе адбыўся землятрус за 3 км на поўдзень ад вёскі Поўстынь (Слуцкі раён) і за 40 км на паўночны ўсход ад Салігорска, каардынаты эпіцэнтру φ = 52,95º N; λ = 27,81º E, магнітуда M = 2,8, глыбіня h = 7 км, інтэнсіўнасць скалынанняў у эпіцэнтры дасягала 4-5 балаў. Адчуваўся гул, бразгатанне шкла, разгойдванне вісячых прадметаў, рыпанне падлог, мэблі, утварыліся асобныя расколіны ў тынкоўцы.

17 кастрычніка 1985 года. Уначы а 1 гадзіне 32 хвіліне 24 секундзе адбыўся землятрус за 10 км на захад ад Глуска і за 70-80 км на ўсход ад Салігорска, каардынаты эпіцэнтру φ = 52,90º N; λ = 28,40º E, магнітуда M = 3,1, глыбіня h = 7 км, інтэнсіўнасць скалынанняў дасягала 4 балаў. Людзі адчувалі ваганні падлогі, назіралі, як разгойдваліся прадметы і кветкі.

16 сакавіка 1998 года. Рана а 4 гадзіне 9 хвіліне 5 секундзе адбыўся землятрус у раёне Пагоста (Любанскі раён) за 10 км на паўночны ўсход ад Салігорска, каардынаты эпіцэнтру φ = 52,87º N; λ = 27,60º E, магнітуда M = 1,9, глыбіня h = 3-5 км, інтэнсіўнасць скалынанняў 4-5 балаў. Апытанне насельніцтва паказала, што назіралася бразганне шкла, самаадвольнае адчыненне дзвярэй, перасоўванне мэблі, рыпанне падлогі, многія прачыналіся. На сценах парэпалася тынкоўка, наяўныя расколіны сталі большымі, дзе-нідзе адарвалася кафляная плітка. Радыус зоны скалынанняў склаў 1,5-2 км.

17 сакавіка 1998 года. Рана а 4 гадзіне 24 хвіліне 27 секундзе адбыўся землятрус у раёне пасёлкаў Пагост і Ісерна (Слуцкі раён), каардынаты эпіцэнтру φ = 52,90º N; λ = 27,60º E, магнітуда M = 0,8, глыбіня h = 3-5 км, інтэнсіўнасць скалынанняў 2-3 балы. Землятрус таксама суправаджалася ў макраадчуваннямі, але меншага маштабу. Абвальвання ў шахце пры гэтым зафіксавана не было.

Даведка

Прыпяцкі прагін - тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размяшчаецца на паўднёвым усходзе Беларусі ва ўсходняй частцы Палесся. Працягваецца ў паўночна-заходнім напрамку на 280 км пры шырыні да 150 км.

Прагін сфармаваўся ў пераважна ў дэвонскі перыяд (ад 408 да 360 млн гадоў назад). Ён запоўнены магутнай (да 6 км) тоўшчай пераважна ападкавых парод рознага геалагічнага ўзросту.

У Прыпяцкім прагіне магутнасць верхнедэвонскіх адкладаў дасягае 3,5 км, дзе яны ўтвараюць некалькі пластоў рознага складу з праслойкамі каменнай і калійнай солі, гаручых сланцаў і інш.

Сейсмічная станцыя «Салігорск» (рэгіянальны код SOL) знаходзіцца за 116 км на паўднёвы ўсход ад Менска, у Салігорскім раёне. Назіранні праводзяцца са 1 студзеня 1983 года. Сейсмапрыёмнікі см3-КХ сейсмічнай станцыі ўстаноўлены ў салянай шахце другога рудаўпраўлення аб'яднання «Беларуськалій». Для гэтай мэты выдзелены штрэк у прамысловай зоне трэцяга калійнага гарызонту на глыбіні 600 м ад зямной паверхні (-436 м ад узроўню мора). Лічбавы рэгістратар UGRA, вытворчасці Расейскай Федэрацыі, усталяваны ў будынку рудаўпраўлення. Сувязь з сейсмаметрамі ажыццяўляецца па тэлефоннай лініі з дапамогай адмысловай апаратуры перадачы звестак. Рэжым працы бесперапынны, аўтаматычны.

Апошнія навіны