40 грамадзян Беларусі пацярпелі ад махляроў у Skype
- 30.01.2018, 21:36
Ураджэнец Светлагорска 1994 года нараджэння выкрадаў уліковыя запісы карыстальнікаў для ўчынення махінацый.
Фігурант справы аб махлярстве ў Skype асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўлення волі, паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, паведамляе БелТА.
Ураджэнец Светлагорска 1994 года нараджэння выкрадаў уліковыя запісы карыстальнікаў для ўчынення махінацый. Расследаваннем крымінальнай справы займалася следчае ўпраўленне УСК Менска. Злачынныя дзеянні малады чалавек учыняў з лютага 2016 да лютага 2017-га, дзейнічаючы ў змове з замежным грамадзянінам, які знаходзіўся па-за межамі Беларусі. Ён набыў на спецыялізаваных форумах у інтэрнэце звесткі больш чым пра 17 тысяч уліковых запісаў карыстальнікаў Skype і пароляў доступу да іх.
Для адбору «перспектыўных», на думку махляроў, уліковых запісаў яны ажыццявілі несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі карыстальнікаў гэтых уліковых запісаў для наступнага вывучэння змесціва. У далейшым абвінавачаныя заблакавалі законным праваўладальнікам доступ да старонак. Выступіўшы ад імя ўладальнікаў уліковых запісаў, яны адправілі кантактам тэкставыя паведамленні з просьбай пазычыць грошы і перавесці іх на названыя адкрытыя ў розных банкаўскіх установах карт-рахункі і электронныя кашалькі і рахункі шэрагу электронных аплатных сістэм.
Падчас расследавання ўстаноўлена больш за 40 грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад ашуканскіх дзеянняў.
Дзеянні 23-гадовага мужчыны кваліфікаваныя следствам паводле ч.2 арт.349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), ч.1 арт.14, ч.1 арт.351 (замах на наўмыснае блакаванне кампутарнай інфармацыі), ч.1 арт.14 , ч.2 арт.209 (замах на махлярства) КК Беларусі.
«Крымінальная справа па абвінавачванню грамадзяніна Беларусі была накіраваная ў суд. 23 студзеня судом Заводскага раёна быў пастаўлены абвінаваўчы прысуд, прызначанае пакаранне ў выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд у законнае дзеянне пакуль не ўвайшоў. Абвінавачаным па справе праходзіць і яго змоўшчык, ён абвешчаны ў вышук. Матэрыял вылучаны ў асобную вытворчасць», - паінфармавала Юлія Ганчарова.