Financial Times: Навальны знайшоў «слабае месца» Пуціна
- 30.01.2018, 21:51
Усерасейскі пратэст «Страйк выбарцаў» можа сапсаваць планы кіраўніка Крамля.
Высокі прыход на прэзідэнцкіх выбарах у РФ, якія пройдуць у сакавіку, вельмі важны для Уладзіміра Пуціна, аднак апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, ініцыяваўшы ўсерасейскі пратэст «Страйк выбарцаў», можа сапсаваць планы кіраўніка Крамля.
Такім чынам, галоўны апазіцыянер Расеі знайшоў «слабае месца» Пуціна, піша Financial Times (пераклад - 24tv.ua).
Хоць пратэсты супраць прэзідэнта РФ 28 студзеня былі не такімі маштабнымі, як папярэднія дэманстрацыі, арганізаваныя Навальным, яны ўсё ж засведчылі, што незадаволенасць уладай у Расеі распаўсюдзілася па ўсёй краіне, адзначае выданне.
На будучых выбарах Пуцін хоча здабыць значную колькасць галасоў, такі мандат важны Пуціну не толькі для «паказухі», але і дзеля паўнамоцтваў галоўнага арбітра паміж канкурэнтнымі кланамі і інтарэсамі маскоўскай эліты, мяркуе FT.
Аднак, калі Навальны, адхілены ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы, і яго заклік да байкоту выбараў знізіць прыход нават на некалькі адсоткаў, гэта адразу зробіць яе ўзровень «недастатковым» для прэзідэнта РФ.
Калі 18 сакавіка Пуцін не атрымае пераканаўчага мандата, яму можа быць значна цяжэй кіраваць яшчэ шэсць гадоў і, тым больш, арганізаваць датэрміновую адстаўку ў зручны момант, - канстатуюць аўтары артыкула.