BE RU EN

Генадзь Фядыніч: Няма ніякіх гарантый, што заўтра не ўзламаюць іншы сайт

  • 31.01.2018, 21:57

Разам з сайтам прафсаюза РЭП былі ўзламаныя яшчэ пяць парталаў.

Падчас прэс-канферэнцыі незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) старшыня арганізацыі Генадзь Фядыніч распавёў пра сітуацыю, якая склалася вакол прафсаюза ў апошнія дні, паведамляе «Вясна».

Так, вядома, што ў следчыя камітэты па ўсёй краіне на сённяшні дзень выклікалі больш за 150 чалавек. Шэраг сябраў прафсаюза атрымалі пазовы на 6 і 8 лютага, што кажа пра тое, што крымінальная справа, распачатая супраць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, працягваецца.

Як раней паведамлялася, Следчы камітэт зрабіў запыт у прафсаюз на выдачу поўных спісаў сябраў арганізацыі з іх персанальнымі звесткамі. Аднак, хоць такая інфармацыя не была пададзеная прафсаюзам, гэта не спыніла следчых ад складання спісаў, якія магчыма грунтуюцца на інфармацыі, што была размешчаная на канфіскаванай кампутарнай тэхніцы.

«Безумоўна для людзей, якіх выклікаюць на допыты – гэта не толькі стрэс, бо яны ніколі не былі ў следчым камітэце, але таксама і ціск на іх, бо яны хвалююцца, каб не страціць свае працоўныя месцы, - адзначае Генадзь Фядыніч. – Я ўжо даўно ў прафсаюзе і не памятаю, каб вось так вось сябраў якой-небудь арганізацыі ці палітычнай партыі выклікалі на допыты. Безумоўна, за гэтым стаіць жаданне аказаць ціск на сябраў прафсаюза, дыскрэдытаваць сам прафсаюз і магчыма паспрабаваць скасаваць яго».

Старшыня РЭП паведаміў, што ў пяць гадзін раніцы 30 студзеня быў узламаны сайт арганізацыі, былі змененыя ўсе паролі, і рэдактары не змаглі зайсці на сайт, каб размясціць інфармацыю.

«Мы зрабілі заяву ў органы ўнутранных спраў і адпаведныя паведамленні пашырылі праз сацыяльныя сеткі пра тое, што не нясём ніякай адказнасці за тое, што з’явіцца на сайце за гэты час.

Акрамя гэтага, мы даведаліся, што на хостынгу разам з нашым сайтам былі ўзламаныя яшчэ пяць сайтаў, не надта папулярныя, аднак падаецца, што гэта было зроблена, каб адвесці падазрэнне, што ўзламалі толькі РЭПаўскі сайт.

Безумоўна, ідзе нейкая тэндэнцыя – спачатку зачынілі Белпартызан, потым Хартыю, і няма ніякіх гарантый, што заўтра не ўзламаюць іншы сайт, які сёння будзе несці думкі або прапановы, якія адрозніваюцца ад дзяржаўных», - адзначае Генадзь Фядыніч.

Праца сайта была адноўленая.

Прадстаўнікі прафсаюза РЭП таксама распавялі, што за мінулы год пры іх дапамозе было выйграна 56 судоў, у выніку якіх людзям вярнулі больш за 37 000 беларускіх рублёў, таксама юрысты арганізацыі правялі больш за 1 500 кансультацый. Нягледзячы на пераслед, у прафсаюз і цяпер прыходзіць шмат людзей па дапамогу.

Юрыст РЭПу Юры Белякоў падкрэсліў, што людзі, якія да іх звяртаюцца, распавядаюць, што кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх яны працуюць, кажуць, што РЭП знаходзіцца на мяжы знікнення, што крымінальная справа супраць кіраўніцтва арганізацыі знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта і ў найбліжэйшы час прафсаюз перастане існаваць, а яго лідараў пасадзяць у турму.

Кіраўнік Баранавіцкай ячэйкі Рыгор Грык распавёў, што ў іх рэгіёне ў Следчы камітэт было выклікана ўжо блізу 20 чалавек. Самаму Рыгору Грыку спачатку патэлефанавалі, а ўвечары прынеслі дадому позву: з’явіцца на допыт у якасці сведкі да следчай Марынай Гладкай.

Ён запісаў пытанні, якія задавала яму следчая, каб давесці інфармацыю да ведама астатніх сябраў Баранавічскай ячэйкі, а сам на іх адказваць не стаў, бо яго не азнаёмілі з правамі і абавязкамі сведкі.

Пытанні, якія задавалі на допыце Рыгору наступныя:

Ці маеце адносіны да прафсаюза?

Ці плаціце вы ўнёскі?

Ці ведаеце вы структуру і колькасць удзельнікаў прафсаюза?

Якія крыніцы фінансавання прафсаюза маюцца з-за мяжы?

Ці ёсць банкаўскія рахункі і маёмасць за мяжой?

Ці выплочваюцца вам па аплатнай ці бязвыплатнай працы грошы?

Ці атрымоўвалі вы заробак ад службовых асобаў ці сябраў прафсаюза, а таксама іншых асобаў, звязаных з прафсаюзам?

Ці атрымоўвалі вы калі-небудзь грашовыя сродкі, не звязаныя з заробкам, ад службовых асобаў, сябраў прафсаюза, а таксама іншых асобаў, звязаных з прафсаюзам, у тым ліку ў якасці якіх-небудзь кампенсацый ці выдаткаў?

Ці выязджалі вы за межы Рэспублікі Беларусь у якасці прадстаўніка прафсаюза РЭП?

Ці перавозілі вы самастойна ці на просьбу Комліка або Федыніча, або іншых сябраў і асобаў, звязаных з прафсаюзам, з-за мяжы ў Рэспубліку Беларусь грашовыя сродкі, у тым ліку для фінансавання дзейнасці прафсаюза? Калі так, то патлумачце абставіны.

Ці вядома вам пра ўдзел прафсаюза РЭП і іншых прафсаюзаў у міжнародных праектах?

Якія вам вядомыя замежныя прафсаюзы? З якімі з іх мае ўзаемаадносіны прафсаюз РЭП у межах міжнароднага супрацоўніцтва ў сумесных праектах?

«Людзі запалоханыя, шмат хто баіцца страціць працу, у звязку з тым, што ў Баранавічах закрываецца шмат прадпрыемстваў, заробкі вельмі маленькія. І я запісаў гэтыя пытанні, каб азнаёміць сваіх паплечнікаў з тым, што адбываецца на допытах, бо не ўсе праходзілі навучанне, як паводзіць сябе з супрацоўнікамі міліцыі», - зазначыў Рыгор Грык.

Але між тым Генадзь Фядыніч кажа, што на сённяшні дзень яны не атрымалі ніводнай заявы аб выхадзе сябраў з прафсаюза.

«Мабыць, яны будуць. Мы ўжо праходзілі такое ў 2003 годзе, калі нашых сябраў выклікалі ў пракуратуру і запытвалі, чаму яны ў РЭПе, і тады мы безумоўна згубілі шмат сябраў. Думаю, што можам згубіць і цяпер, таму што не кожны гэты ціск вытрымае», - сказаў ён.

Старшыня РЭП лічыць, што сёння на прыкладзе прафсаюза ўлады хочуць усім сказаць, што «вы рабіце справу тую, якую мы вам паказалі». Крок управа, крок улева – і з боку ўлады будуць прыцягнутыя ўсе законныя і незаконныя сілы для таго, каб ліквідаваць арганізацыю.

Прэс-сакратар РЭПу Мікалай Герасіменка адзначыў, што следчыя органы дабраліся нават у маленькія гарады – Глыбокае, Бялынічы, Круглае, Бяроза, Брагін, Мікашэвічы:

«Ідзе непрыкрыты ціск. А на месцах, зразумела, калі чалавек вядомы і за ім цягнецца шлейф апазіцыянера - становіцца нашмат цяжэй псіхалагічна.

І зараз нам важна паказаць, чым моцны прафсаюз – сваёй салідарнасцю».

Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комліка.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу – «ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры».

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Апошнія навіны