У Берасці быў свой першы прэзідэнт
- 6.01.2018, 10:58
Што паглядзець у ягонай рэзідэнцыі ў Скоках?
Новы, 2018 год пачаўся для Берасця з навін — самы заходні абласны цэнтр Беларусі афіцыйна становіцца бязвізавай зонай на дзесяцідзённы перыяд. Чым жа акрамя знакамітай Берасцейскай цытадэлі можа здзівіць горад над Бугам? Напрыклад, у лічаных кіламетрах ад Берасця, у вёсцы Скоках знаходзіцца дзіўны помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, піша tut.by.
Сядзіба ў стылі барока мае багатую гісторыю. Яна мяняла ўладальнікаў, была школай і стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. А цяпер адрадзілася ў выглядзе музея.
Пабудаваная яна была ў 1770-х гадах Марцэліем Станіславам Костка Урсын Нямцэвічам. Гэта быў старажытны род, які вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ з XVI стагоддзя. Яго прадстаўнікі займалі важныя пасады і ў ВКЛ, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расейскай імперыі.
Сярод прадстаўнікоў роду — губернатар Гародні Станіслаў Урсын Нямцэвіч, маршалак (старшыня соймаў у Рэчы Паспалітай) Ян Урсын Нямцэвіч, а таксама Юльян Урсын Нямцэвіч, самы вядомы прадстаўнік роду. Дарэчы, Ян Урсын Нямцэвіч-малодшы быў першым прэзідэнтам Берасця ў пачатку XIX стагоддзя (гэтая пасада існавала на землях былой Рэчы Паспалітай, адпавядала цяперашняму мэру).
Гісторыя сядзібы
З сядзібай звязана шмат цікавых гістарычных падзей. У розны час гасцямі сям'і Нямцэвічаў станавіліся аўтар раманаў пра Джэймса Бонда Ян Флемінг, князі Чартарыйскія і Шуйскія. Разам з Юльянам Нямцэвічам бываў тут і Тадэвуш Касцюшка.
На запрашэнне Яна Цітуса Урсын Нямцэвіча, прадвадзіцеля дваранства Гарадзенскай губерні, падчас ваенных манеўраў у 1886 годзе тут гасціў расейскі імператар Аляксандр III. Бываў у сядзібе і знакаміты кампазітар і мастак Напалеон Орда, які ў канцы XIX стагоддзя напісаў карціну з яе выявай.
Падчас Першай сусветнай вайны сядзіба амаль на два гады стала стаўкай прынца Баварскага Леапольда, камандуючага Усходнім нямецкім фронтам. Тут 15 снежня 1917 года было падпісана ваеннае замірэнне. А праз два дні тут адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне для правядзення перамоваў аб укладанні міру паміж Расеяй і Нямеччынай (быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года ў Берасцейскай цытадэлі, у Белым палацы).
Нямцэвічы валодалі сядзібай да 1939 года. Пасля таго, як Заходняя Беларусь стала часткай БССР, Нямцэвічы выехалі з краіны. Цяпер іх нашчадкі жывуць у Польшчы, Канадзе і ў Францыі. На жаль, праз некаторы час гэты род згасне — сёння ў жывых застаўся толькі адзін мужчына, які носіць такое прозвішча. Яму 80 гадоў, і дзяцей у яго няма.
Аднак прадстаўнікі роду падтрымліваюць сувязі з музеем. У 2002 годзе яны прыехалі ў Берасце на навуковую канферэнцыю, прысвечаную Юліяну Урсын Нямцэвічу.
Палацу Нямцэвічаў адначасова і пашанцавала, і не пашанцавала. Яго вонкавы выгляд практычна без змен дайшоў да нашых дзён — у савецкі час там знаходзілася школа. Але, на жаль, маёмасць саміх Нямцэвічаў не захавалася. У 1915 годзе яе вывезлі ў Калугу (падчас усеагульнай эвакуацыі падчас Першай сусветнай), дзе яна бясследна знікла. У 1939 годзе канчаткова «дабілі» сядзібу чырвонаармейцы, якія ахвотна расцягнулі ўсе каштоўнасці. Яны ж разрабавалі касцёл-пахавальню, якая стаяла праз дарогу ад сядзібы.
Экспазіцыя музея
Першая экспазіцыя музея была створаная Берасцейскім абласным краязнаўчым музеем у 2011 годзе. Канцэпцыя музея — паказаць, як выглядаў побыт шляхецкай сям'і з дастаткова высокім дастаткам.
Усяго ў музеі 11 салонаў, якія паказваюць жыццё шляхты. Там можна ўбачыць парадныя залы, музычны салон, зброевы пакой, спальню, гасцёўню, кабінет.
Некалькі пакояў прысвечаныя непасрэдна роду Урсын Нямцэвічаў. Салоны паказваюць радавод сям'і, вядомых прадстаўнікоў роду, распавядаюць пра асаблівасці вядзення гаспадарчай дзейнасці.
Асобны пакой прысвечаны Юліяну Урсын Нямцэвічу як найбольш вядомаму з прадстаўнікоў роду. Гэта пісьменнік, паэт, гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, удзельнік вызвольных паўстанняў.
Большасць экспанатаў былі закупленыя спецыяльна для музея. Таксама сфармаваць экспазіцыю дапамагалі абласны музей і мытня.
Вядомы музей і сваімі мерапрыемствамі. На базе сядзібы Нямцэвічаў праводзяцца балі. Акрамя аднаўлення танцаў і ўбораў той эпохі арганізатары імкнуцца ўзнавіць атмасферу сапраўднага шляхецкага вольнага часу.
Але, бадай, самае вядомае мерапрыемства, якое праводзіцца ў Скоках, — гэта вайскова-гістарычны фэст, які рэканструюе падпісанне замірэння на Усходнім фронце ў снежні 1917 года.
Адрас музея: Берасцейскі раён, вёска Скокі, вуліца Міру, 48б. Тэлефон 8 0162 54-98-02.
Час працы: аўторак — нядзеля з 10.00 да 19.00, выхадны — панядзелак.
Кошт квітка: дарослыя — 2 рублі 50 капеек, пенсіянеры — 2 рублі, студэнты — 1 рубель 50 капеек, школьнікі — 1 рубель.
Апошні аўторак месяца — дзень бясплатнага наведвання.