Аляксандр Глеб: 120 мільёнаў за Каўтынью? Шкада, што мне ўжо не 22
- 7.01.2018, 20:21
Адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў пракаментаваў трансфер бразільца з «Ліверпуля» ў «Барселону».
Былы паўабаронца «Барселоны» Аляксандр Глеб падзяліўся меркаваннем пра вар'яцкі трансфер Філіпе Каўтынью.
- «Барселона» выклала «Ліверпулю» за Каўтынью 120 мільёнаў еўраў. Плюс прадугледжаны немаленькія бонусы. Свет працягвае вар’яцець?
- Так, мабыць. Раней усе казалі пра нерэальныя сумы за Крышціяну Раналду, потым за Бэйла. А затым пайшло-паехала. 120 мільёнаў... Тое, што цяпер адбываецца, - неверагодна! Адчуваю, праз пару гадоў ужо паўмільярда еўраў за трансфер - будзе нармальным коштам. Не ведаю... Нейкія шалёныя грошы трацяцца на куплю гульцоў.
- У вас не знікае жаданне глядзець футбол пасля такіх пакупак, калі на першы план часам выходзіць бітва кашалькоў?
- Ды не, чаму? Не знікае. Гэта ж справа клубаў. Вырашылі выдаткаваць такія сумы, узгаднілі трансфер, усё ўсіх задаволіла - і наперад. Так, грошы шалёныя. Але ж гэта не першы ўжо такі пераход.
- А Каўтынью настолькі круты, каб за яго выкладваць сумы, нават блізкія да 120 мільёнаў?
- А Бэйл хіба каштаваў такіх грошай? А Неймар? Ну вядома не! Проста цяпер усё настолькі раскручана... І чым далей - тым будзе весялей (усміхаецца). Нават не ведаю, што адбываецца.
- Вам не шкада, што цяпер вы не гуляеце ў Англіі ці Гішпаніі?
- Так, ёсць шкадаванне, што мне цяпер не 22 (смяецца).
- Маглі б нядрэнна падзарабіць.
- Ну... Часы мяняюцца. Калі я гуляў у «Штутгарце», Балакаў каштаваў сур'ёзных грошай. Потым сумы выраслі ўдвая. І ўсе думалі: ё-маё, куды ўсё коціцца, ваў, супер! А цяпер проста неверагодны рывок у фінансавым плане.
- Бачыце ў гэтым нейкія станоўчыя моманты?
- Гэтыя гісторыі - добры прыклад маладым гульцам: працуйце, чапляйцеся, усё залежыць ад вас! Можна і пагуляць, і зарабіць. У футболе ў прынцыпе цяпер можна ўсё, калі ты знаходзішся ў топе, на кані.
- А з чыста футбольнага пункту гледжання вам падабаецца Коўтынью?
- Так, - цытуе Глеба sport-express.ru.