BE RU EN

Станіслаў Багданкевіч: Продаж беларусамі валюты выкліканы збядненнем насельніцтва

  • 9.01.2018, 21:40

Экс-кіраўнік Нацбанка назваў тры прычыны, чаму беларусы летась прадалі валюты больш, чым купілі.

Беларусы ў 2017 годзе засталіся прадаўцамі валюты. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банка краіны. Летась продаж насельніцтвам валюты склаў блізу 8,3 мільярдаў даляраў, у той час як куплена было яе на 6,5 мільярды. Такім чынам, беларусы прадалі на 1,8 мільярды даляраў больш, чым купілі.

Гэтая тэндэнцыя захоўвалася на працягу 11 месяцаў 2017 года. Толькі ў лістападзе на ўнутраным рынку ўпершыню за два апошнія гады попыт на валюту перавысіў прапанову. Аднак гэта адбылося ў асноўным з прычыны паводзін юрыдычных асоб - рэзідэнтаў краіны.

Насельніцтва і ў лістападзе заставалася чыстым прадаўцом валюты. А ўжо ў снежні ўсё вярнулася на свае месцы.

Галоўная прычына - збядненне насельніцтва

Так званы чысты продаж валюты, калі насельніцтва здае больш валюты, чым купляе, перш за ўсё выкліканы збядненнем насельніцтва, каментуе сітуацыю «Радыё Свабода» былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

«У эканоміцы поўная стагнацыя. Таму ўсё, што людзі зараблялі, ішло на спажыванне, нават на праяданне. А каб падтрымаць звыклы ўзровень жыцця, прыйшлося браць валюту з схованкі, з адкладзеных раней грошай на чорны дзень», - кажа Станіслаў Багданкевіч.

Экс-старшыня праўлення Нацбанка называе яшчэ дзве прычыны чыстага продажу валюты. Гэта вымушаная праца часткі беларусаў за мяжой, асабліва ў Расеі і некаторых краінах Еўразвязу. Яны шлюць грошы ў сем'і, а хатнія нясуць іх мяняць. Другая прычына - трывалая палітыка Нацбанка. Абвалу рубля няма, і людзі пачалі верыць, што можна на нейкі час захаваць лішні рубель і ў беларускай валюце.

Прагноз на 2018 год песімістычны

Прафесар Багданкевіч мяркуе, што сёлета сітуацыя з продажам і купляй валюты будзе паступова мяняцца.

«Запасы ў скарбонкі, панчохах і кашальках у людзей за два апошнія гады зменшыліся. Цяпер знайсці «лішнія» грошы на абмен будзе ўсё больш складана. Улады, праўда, абяцаюць рост заробкаў. Але адкуль яны возьмуць грошы, я не ведаю. Бо мая ацэнка стану беларускай эканомікі - стагнацыя. Істотнага павелічэння даходаў не будзе адназначна», - кажа ён.

Апошнія навіны