У Берасце чацвёра супрацоўнікаў БЧ злілі 1,3 тоны дызпаліва
- 1.10.2018, 21:48
Дызпаліва злівалі двое менчукоў і двое берасцейцаў.
Супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РАУС Берасця затрымалі злачынную групу, у якую ўваходзілі двое менчукоў і двое берасцейцаў. Злачынны квартэт займаўся крадзяжом дызельнага паліва з дызель-генератараў халадзільнага абсталявання вагонаў-рэфрыжэратараў, паведамілі ГІАОС УУС Берасцейскага аблвыканкама.
Як адзначылі ў АБЭЗ Маскоўскага РАУС Берасця, падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у поле зроку праваахоўнікаў трапілі чацвёра работнікаў Беларускай чыгункі. Зламыснікі былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі на ўчастку чыгуначнага шляху паблізу вуліцы Я. Купалы ў Берасці. У момант затрымання яны ўжо паспелі захапіць яе і загрузіць у асабісты аўтамабіль больш за 1,3 тоны дызельнага паліва з рэфрыжэратарнай секцыі РУП «Менскае аддзяленне Беларускай чыгункі» на суму 1830 рублёў.
Было ўстаноўлена, што зламыснікі пры транспартаванні прадукцыі ў маразільных усталёўках рэфрыжэратарных секцый па шляху руху наўмысна выключалі халадзільнае абсталяванне і тым самым эканомілі дызельнае паліва.