BE RU EN

Як беларус з Докшыц ахвяраваў жыццём за незалежнасць Латвіі

  • 13.10.2018, 19:29

У Рызе ўсталяваны памятны валун у гонар мужнасці афіцэра міліцыі Гамановіча.

Днямі ў Докшыцкім раёне праездам пабывала дэлегацыя паліцыі Латвіі. На докшыцкай зямлі ёсць месца, куды латышскія вартавыя правапарадку наведваюцца кожны раз, калі здараецца нагода быць у нашых краях. Гэтым разам яны на запрашэнне беларускага боку накіроўваліся ў Менск на святкаванне 100-годдзя крымінальнага вышуку. І, тым не менш, хоць бы на кароткі час, але прыехалі ў вёску Тумілавічы, дзе на мясцовых могілках пахаваны старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Гамановіч, піша dokshitsy.by.

- Для сённяшніх латышскіх паліцэйскіх гэтaе прозвішча з'яўляецца сімвалам мужнасці і вернасці прысязе, - сказаў кіраўнік дэлегацыі, начальнік дзяржаўнай паліцыі Латвіі генерал Інтс Кюзіс. - Ваш зямляк Уладзімір Гамановіч пасля заканчэння Менскай школы міліцыі нёс службу на ахове будынка МУС Латвійскай рэспублікі.

Падчас путчу ў студзені 1991 года, калі пачаўся штурм міністэрства АМАПаўцамі, ён не пакінуў пасаду і пры выкананні службовых абавязкаў загінуў.

Такім чынам, беларус ахвяраваў сваім жыццём за незалежнасць Латвіі. У Рызе ўсталяваны памятны валун у гонар мужнасці афіцэра міліцыі Гамановіча.

Кожны паліцэйскі Латвіі уважае за гонар ускласці кветкі да падножжа гэтага помніка-знака. Мы кветкі прывезлі сёння ў Беларусь, на малую радзіму героя. Мы добрыя суседзі, і нашы народы заўсёды будуць жыць у міры і згодзе.

Латышы цёпла павіталіся з родным братам загінулага Станіславам, які жыве цяпер у Тумілавічах.

На цырымоніі ўшанавання памяці лейтэнанта міліцыі Уладзіміра Гамановіча прысутнічалі службовыя асобы з управы ўнутраных спраў аблвыканкама і Докшыцкага райаддзела міліцыі.

Апошнія навіны