Амерыканка ў Гародні: Гэты горад для мяне - як казачная краіна
- 21.10.2018, 14:10
У загадкавым горадзе ў цэнтры Еўропы доўгія гады жылі яе продкі.
У сваёй амерыканскай сям'і Катрын пра Гародню чула шмат разоў, але толькі 17-кастрычніка 2018 года ўпершыню прыехала ў Беларусь. У загадкавым горадзе ў цэнтры Еўропы доўгія гады жылі яе продкі з прозвішчам Ставер, якія яшчэ ў 1920-я перабраліся за акіян. Ніхто з іх на радзіму так і не вярнуўся. Катрын - першая, хто прыехаў у родны горад сям'і, піша hrodna.life.
З'язджалі па лепшае жыццём
Катрын са сваім мужам кожны год лётае ў Ізраіль і заўсёды ўпрыгожвае маршрут якім-небудзь цікавым месцам. На гэты раз абралі Гародню - горад, пра які яна чула шмат, але ніколі ў ім не была.
«Сёлета мы святкавалі 90-годдзе бацькі, які мне многае распавядаў пра Гародню, ды і сваячка адна прыехала, якая таксама ўзгадала беларускі горад. Менавіта таму я вызначыла сёлета прыехаць у гэтае месца», - распавядае Катрын.
Першыя сваякі Катрын з'ехалі за акіян у 1908 годзе, а ў 1920-х гадах далучыліся астатнія. З'язджалі гарадзенцы ў першую чаргу ў пошуках лепшага жыцця, але былі і тыя, хто пакідаў Гародню праз міжнацыянальныя канфліктаў.
«Некаторыя з'язджалі праз беднасць, а хтосьці, як мой дзядуля, з іншай прычыны. У яго было пашкоджанае плячо і доўгія гады ён распавядаў дзецям, што зваліўся з дрэва. Але адна са сваячак мне распавяла, што напраўду гэта яшчэ ў Гародні яго збіла паліцыя. Як і чаму - невядома. Але можна меркаваць, што ў Гародні ў нашай сям'і было не ўсё добра».
Была свая сінагога
Дзе ў Гародні жылі Ставеры, жанчына не ведае. Адзінае, што яна памятае з апавяданняў бацькі, гэта тое, што ў цэнтры горада ў іх была ўласная сінагога.
«Бацька заўсёды гаварыў, што наша сям'я пабудавала ў цэнтры Гародні сінагогу, але я не верыла яму. Аднойчы я знайшла спіс гарадзенскіх сінагог і там убачыла наша прозвішча. Я была здзіўленая. Сінагога знаходзілася на вуліцы Мяшчанскай, у цэнтры горада. Ці была гэта напраўду сінагога ці малітоўны дом для пэўнай групы гарадзенцаў, я не ведаю, але ў спісах яна пазначаная як сінагога сям'і Ставераў».
Вуліца Мяшчанская (сёння Баторыя) падчас Другой сусветнай вайны. Паводле спісу гарадзенскіх сінагог 1892 года, на Мяшчанскай былі чатыры сінагогі. Яны былі названыя ў гонар іх найбуйнейшых спонсараў. Адна сінагога была пабудаваная ў 1865 годзе і была названая ў гонар Зэльмана Эпштэйна. З 1881 года гэта сінагога была названая ўжо ў гонар сям'і Ставераў.
Усе сінагогі на гэтай вуліцы падчас вайны былі знішчаныя.
Адна паштоўка
Адзінае, што захавалася ў Гародні за акіянам - паштоўка перыяду Першай сусветнай з адрасам Брукенштрасэ, 31. Гэта былая фабрыка Шарашэўскага. Адзін з дзядуляў Катрын там, хутчэй за ўсё, працаваў.
«Акрамя гэтай паштоўкі ў нашай сям'і больш нічога гарадзенскага не захавалася. Сёння мы нават не ведаем, ці былі жывыя прабабуля Рыўка і прадзядуля Янкель, калі нашы сваякі пакідалі Гародню. Магчыма, яны памерлі пазней і былі пахаваныя на адных з могілак горада, але дзе цяпер шукаць іх магілу, нам невядома».
На Занёманскіх могілках ёсць камяні з прозвішчам Ставер, але Катрын не ведае, ці яе гэта сваякі.
Уяўляла сабе горад маленькім
Гародня моцна ўразіла амерыканку. Катрын нават не магла ўявіць сабе, што гэта такі вялікі горад з прыгожай архітэктурай.
«У Гародні я сябе адчуваю быццам у музеі. Магчыма, гэта прыйдзе, калі я вярнуся ў ЗША. Але я ўсё сваё жыццё чую пра Гародню, гэты горад для мяне як казачная краіна, у якую я патрапіла, але яшчэ не ўсвядоміла. Я заўсёды ўяўляла гэта месца маленькім, а як прыехала, то здзівілася: гэта паўнавартасны горад са сваёй архітэктурай і гісторыяй. Я яго ўбачыла і адчула. Дзякуй».