«Гэта наша гісторыя»: беларусы ўспамінаюць ахвяр савецкіх рэпрэсій
- 27.10.2018, 20:33
Жыхары Гомеля і Воршы ўспаміналі сваіх слаўных продкаў.
Ужо праз некалькі дзён у Беларусі будуць адзначацца Дзяды - народны звычай памінання памерлых продкаў. Для многіх беларусаў абрад асабліва трагічны, бо супадае яшчэ і з гадавінай масавых расстрэлаў, якія адбыліся ў канцы кастрычніка 1937 году. Даніну памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсій у гэтыя дні аддалі ў Гомелі і Воршы, паведамляе «Белсат».
На Навабеліцкіх могілках у Гомелі праваслаўная абшчына правяла паніхіду па пахаваных тут манахах Чанкоўскага манастыра, якія да апошняга не зракаліся ад сваёй веры. Валанцёры прыбралі найбольш старую частку могілак.
«Гэта супадае з Дзядамі, восеньскім памінаннем продкаў. Таму мерапрыемства звязана лагічна - і памінанне продкаў, і памінанне расстраляных. Менавіта таму ў нас на могілках стала традыцыйным чытаць спісы рэпрэсаваных», - кажа валанцёр Андрэй Скідан.
Такі суботнік прайшоў і ў Воршы на Кабыляцкай гары. У канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя тагачасныя савецкія ўлады прызналі, што менавіта тут НКВД праводзіў масавыя расстрэлы.
«Я ведаю пра свайго дзядулю. Ведаю, чаму яго расстралялі. Ведаю ўсё гэта з апавяданняў сваёй маці. Ёй было 11 гадоў. Яна добра памятае, як яго забіралі, як яго білі... Гэта наша гісторыя. Ад яе ўжо нікуды не падзецца. Пра гэта трэба памятаць», - адзначае ўнучка расстралянага Дзіна Кацар.
Аршанскае мерапрыемства нечакана дазволілі правесці мясцовыя ўлады, якія раней заплюшчвалі вочы на тэму сталінскіх рэпрэсій.