BE RU EN

ЖКГ аб нападзе пацука на дзіця: Трэба заварыць смеццеправод

  • 28.10.2018, 20:07

У ЖКГ Партызанскага раёна Менска пракаментавалі інцыдэнт з нападам пацука на 12-гадовую дзяўчынку.

Нагадаем, гэта здарылася ўвечары 26 кастрычніка ў доме №19 у 2-м завулку Баграціёна. Цяпер дзіця атрымлівае курс ін'екцый супраць шаленства, а ейныя бацькі заяўляюць, што пацукі завяліся ў пад'ездзе даўно, а камунальныя службы не рэагуюць на просьбы нешта з гэтым зрабіць.

Як паведамілі карэспандэнту агенцтва "Минск-Новости" ў КУП "ЖКГ Партызанскага раёна», штомесяц у доме труцяць пацукоў ў планавым парадку. Таксама бываюць дадатковыя санітарныя апрацоўкі. Акурат такая здарылася 22 кастрычніка ў сувязі з паступленнем заяўкі ад жыхароў, якія скардзіліся на пацукоў ў пад'ездзе. Спецыялісты адзначаюць, што пасля так званай дэратызацыі пацукам ўласціва актывізавацца, выбягаць з сутарэнняў у пад'езды. Яны залазяць наверх праз смеццеправод, які даўно мае патрэбу ў рамонце.

Таксама камунальнікі сцвярджаюць, што жыхарам пад'езда даўно прапаноўвалі заварыць смеццеправод, каб адцяць пацукам шлях у пад'езд, аднак людзі адмовіліся. У панядзелак зноў правядуць апытанне, і калі збяруць подпісы прынамсі 51% жыхароў пад'езда, смеццеправод замкнуць.

Апошнія навіны