BE RU EN

«Юнісону» не аддалі завод GM у Пецярбургу

  • 28.10.2018, 21:01

Перазапускам пецярбуржскага завода General Motors зоймецца расейская кампанія, а не беларуская.

Перазапускам пецярбуржскага завода General Motors (GM) у Шушарах зоймецца расейская кампанія, паведамілі ТАСС у прэс-службе Камітэта прамысловай палітыкі і інавацыях Санкт-Пецярбурга са спасылкай на кіраўніка камітэта Максіма Мейксіна.

«Праектам (завод GM у Шушарах) будзе займацца расейская, а не беларуская кампанія», - сказалі ў камітэце.

Раней стала вядома, што беларуска-брытанскае аўтамабільнае прадпрыемства ЗАТ «Юнісон», прадстаўнікі якога некалькі гадоў таму вялі перамовы аб выкарыстанні вытворчай пляцоўкі завода GM у Пецярбургу, ініцыявала сустрэчу з адміністрацыяй горада.

26 кастрычніка віцэ-губернатар Пецярбурга Сяргей Моўчан і старшыня камітэта ў прамысловай палітыцы і інавацыях Максім Мейксін абмеркавалі з патэнцыяльнымі інвестарамі завода GM у Шушарах планы праекта. Моўчан пацвердзіў на сустрэчы зацікаўленасць у аднаўленні вытворчасці, але ад далейшых каментароў адмовіўся.

General Motors перапыніў развіццё ў Расеі ў 2015 годзе. Тады кампанія абвясціла, што выводзіць з расейскага рынку брэнды Opel, а таксама ўсе масавыя мадэлі маркі Chevrolet. Аўтаканцэрн на нявызначаны тэрмін спыніў завод GM у Пецярбургу, а таксама перапыніў кантрактную вытворчасць на магутнасцях групы ГАЗ і супрацоўніцтва з калінінградскім «Аўтатор». Сама кампанія патлумачыла сыход «эканамічнымі прычынамі» і апавясціла Мінпрамгандаль, што гатовая вярнуцца ў Расею «пры змене рынкавага трэнду», але некаторыя экспэрты назвалі прычынай ціск ўрада ЗША.

Цягам наступных трох гадоў на пляцоўку прэтэндавалі розныя гульцы, у тым ліку «Юнісон». Пра перамовы вытворцы з GM у 2016 годзе паведамляў Генадзь Свідэрскі, першы намеснік міністра прамысловасці Беларусі. Меркавалася, што кампанія атрымае пляцоўку ў кіраванне і пачне выпускаць у Пецярбургу аўтамабілі прэміяльнай маркі Cadillac. Але ўгода не адбылася.

Гэтым разам «Юнісон» збіраецца не арандаваць, а выкупляць завод у General Motors, кажа крыніца, блізкая да перамоў. Пачаць працу прадпрыемства можа ўжо ў наступным годзе. На ім плануецца збіраць не толькі Cadillac, але і іншыя маркі з мадэльнага шэрагу вытворцы. «Размова, у тым ліку, можа ісці аб электракарах», - адзначае суразмоўца выдання.

З канца 2015 года найбуйнейшым уладальнікам кампаніі «Юнісон» з'яўляецца беларускі бізнэсовец Аляксей Ваганаў. Ён выкупіў дзель ў свайго партнёра Віталя Арбузава. Паводле інфармацыі «Ежедневника», Аляксей Ваганаў даўно вядомы сваімі бізнэс сувязямі ў Расеі. З расейскімі партнёрамі ён удзельнічаў ва ўзвядзенні і раскрутцы гарэлачнага завода ў Курску, разам з імі развівае на постсавецкай прасторы бізнэс перапрацоўкі адкідаў (TDF Ecotech) і інвестуе ў гатэлі ў Беларусі ды Расеі.

У жніўні гэтага года на заводзе «Юнісон» пад Менскам стартавала вытворчасць электракараў Zotye. Расейскія экспэрты адзначаюць, што кітайская Zotye даўно хоча зайсці на расейскі рынак. Аб'ёмы продажаў гэтага брэнда пакуль невялікія. Па выніках 2017 года ў Расеі было рэалізавана 1088 аўто Zotye, за тры квартала 2018 гады - 1784.

Інвестыцыі GM у запуск пляцоўкі ў Шушарах ацэньваліся на 300 млн даляраў. «Калі абсталяванне, якое засталося на прадпрыемстве, увойдзе ў структуру ўгоды з «Юнісон», то сума можа быць блізкая да гэтага паказчыка», - мяркуе генеральны дырэктар «Auto-Dealer-Спб» Міхаіл Чаплыгін. Заяўленая магутнасць прадпрыемства GM складае 100 тысяч машын на год, але трэба выпускаць хоць бы 50 тысяч, каб бізнэс быў камерцыйна паспяховы, кажа экспэрт.

Апошнія навіны