NATO прадоўжыць дапамагаць Украіне ва ўмацаванні кібербяспекі
- 3.10.2018, 21:20
Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.
Паўночнаатлантычны альянс дае Украіне практычную дапамогу ва ўмацаванні кібербяспекі і прадоўжыць рабіць гэта, у тым ліку праз траставыя фонды.
Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг на брыфінгу ў Брусэлі, паведамляе eurointegration.com.
"NATO ўжо дапамагае Украіне ва ўмацаванні кібербяспекі і кібермагчымасцяў. Мы робім гэта праз траставыя фонды, у нас ёсць траставы фонд у кібербяспецы, які падае сродкі і падтрымку для ўкаранення кібербяспекі. Мы таксама дапамагаем у абароне сетак і інфраструктуры", – сказаў Столтэнберг.
Ён нагадаў, што NATO дапамагае Украіне ў стварэнні цэнтра рэагавання на кіберінцыдэнты, які будзе адным з механізмаў дапамогі ў пераадоленні інцыдэнтаў або спробаў умяшання ці ўзлому кіберсетак.
"І я абяцаў прэзідэнту Парашэнку на саміце ў ліпені, што хаўруснікі NATO прадоўжаць сваю падтрымку, і адзін з фондаў звязаны якраз з кібербяспекай", – адзначыў генеральны сакратар.
Раней Столтэнберг заявіў, што NATO ўзмоцніць сваю кіберабарону, падключаючы нацыянальныя наступальныя кібернетычныя магчымасці краінаў-сябраў.