Рэйтынг «Адзінай Расеі» абнавіў дзесяцігадовы мінімум
- 5.10.2018, 21:26
Рэйтынг адзінаросаў імкліва падае, папулярнасць Пуціна таксама зніжаецца.
Рэйтынг партыі «Адзіная Расея» ўпершыню за апошнія 10 гадоў упаў да рэкордна нізкага ўзроўню. Пра гэта сведчаць вынікі апытання фонду «Грамадскае меркаванне» (ФГМ), апублікаваныя ў чацвер, 4 верасня. Згодна з імі, калі б выбары ў Дзярждуму праходзілі 30 кастрычніка, за «Адзіную Расею» прагаласавалі б менш за трэць (31 працэнт) расейцаў, паведамляе DW.
Рэйтынг кіруючай партыі РФ, паводле звестак ФГМ, у 2008 годзе быў роўны 54 адсоткам, пасля чаго ўпаў да 39 працэнтаў у 2013 годзе. З 2016 года да красавіка 2018 года рэйтынг адзінаросаў вагаўся ў межах 47-51 працэнтаў, а затым зноў пачаў зніжацца. Так, у чэрвені за «Адзіную Расею» былі гатовыя прагаласаваць 40 адсоткаў жыхароў РФ, у жніўні - крыху больш за трэць (34%).
Давер да прадстаўнікоў «Адзінай Расеі» таксама дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню з 2013 года. Так, толькі 29% рэспандэнтаў заявілі, што давяраюць кіруючай партыі. Яшчэ ў траўні гэты паказчык быў на 10% вышэйшы, а з чэрвеня да 23 верасня вагаўся ў раёне 34-30 адсоткаў.
Рэйтынг Пуціна падае
Між тым рэйтынг прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паводле звестак ФГМ, таксама ўпаў. Яго кандыдатуру на выбарах гатовыя падтрымаць 45 адсоткаў апытаных - мінімум, дасягнуты ўпершыню 5 гадоў таму. Больш за ўсё расейцаў (74 адсоткі) падтрымлівалі Пуціна ў 2015 годзе, з тых часоў яго рэйтынг пастаянна, хоць і з некаторымі ваганнямі, зніжаўся.