У Полацку працаўнікі змагаюцца з кантрактнай сістэмай
- 6.10.2018, 21:46
Працаўнікі «Шкловалакна» маюць намер правесці пікет 7 кастрычніка.
Полацкі райвыканкам абвясціў Свабодны прафзвяз працоўных завода «Шкловалакно» аб забароне масавага мерапрыемства. З дапамогай пікету чальцы прафзвязу мелі намер праінфармаваць беларусаў пра Сусветны дзень барацьбы за годную працу 7 кастрычніка і заявіць патрабаванне рабочых, паведамляе віцебская «Весна».
Заяўка Свабоднага прафзвязу на пікет падавалася ў Полацкі райвыканкам. У заяўцы паказвалася, што ўдзельнікі мерапрыемства выступяць з патрабаваннем:
- скасаваць сістэму кароткатэрміновых працоўных кантрактаў;
- не ўносіць у Працоўны кодэкс нормы пра часовыя працоўныя кантракты;
- спыніць дыскрымінацыю рабочых ААТ «Полацк-Шкловалакно» за ўдзел у Свабодным прафзвязе Беларускім.
Ліст Полацкага райвыканкама з адмовай работнікам праводзіць масавае мерапрыемства падпісаны намеснікам старшыні ў сацыяльных пытаннях Пяткевічам Пятром. Тэкст ліста рыхтавала начальніца аддзела ідэалагічнай работы ў справах моладзі Пазорная Наталля.
Фармальнай прычынай адмовы названа тое, што заяўнікамі «не выкананы патрабаванні пункта 3 Пастановы Полацкага райвыканкама ад 15.03.2013года...» Гэтым пунктам мясцовыя ўлады абавязваюць арганізатараў масавага мерапрыемства, «калі арганізацыя масавага мерапрыемства адбываецца без удзелу органаў дзяржаўнай улады і кіравання», далучаць да заяўкі дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі аб абслугоўванні мерапрыемствы.
Як распавялі прафзвязныя актывісты: «Праз гэтыя патрабаванні ўладаў у Полацку за апошнія два гады без удзелу мясцовых уладаў не праводзілася ніводнага масавага мерапрыемства. Апошні дазволены ўладамі пікет Свабоднага прафзвязу праводзіўся 7 кастрычніка 2010 года на Сусветны дзень барацьбы за годную працу».
У заяўцы на пікет Свабодны прафзвяз паведамляў пра свае абавязанні аб падтрыманні парадку на пікеце, прыборцы тэрыторыі і наданні першай медыцынскай дапамогі ў выпадку неабходнасці. «У паслугах ЖКГ, міліцыі і медыцыны не маем патрэбы», - пазначана ў заяўцы.