На выбарах у парламент Латвіі ў лідарах прарасейская партыя «Згода»
- 6.10.2018, 21:53
Яна набірае 19,4 адсотка галасоў.
На парламенцкіх выбарах у Латвіі, якія прайшлі ў суботу, 6 кастрычніка, у лідарах апазіцыйная сацыял-дэмакратычная партыя «Згода». Са звестак экзітполаў, яна набірае 19,4 адсотка галасоў, піша «Немецкая волна».
Другое месца з 13,4 адсотка галасоў займае ліберальная партыя «Развіццё/За». Нацыянальнае аб'яднанне «Усё для Латвіі» набірае 12,6 адсотка галасоў, папулісцкая партыя «Каму належыць дзяржава?» (KPV LV) - 11,5 адсотка галасоў.
За Звяз «Зялёных» і сялян (ЗЗС) цяперашняга прэм'ер-міністра Марыса Кучынскіса прагаласавалі 9,7 адсотка выбарцаў. Партыя «Адзінства» набірае 6,9 адсоткі галасоў. Астатнія дзевяць партый, якія ўдзельнічалі ў выбарах, не праходзяць у парламент. Са звестак выбарчай камісіі, прыход на выбарах склаў 51,3 адсотка.
Кааліцыя з трох партый, якая кіравала дагэтуль, - «Адзінства», ЗЗС і «Усё для Латвіі» набірае 29,2 адсотка галасоў. Каб застацца ва ўладзе, ім спатрэбіцца прыцягнуць у кааліцыю яшчэ аднаго партнёра.
«Згода» актыўна бароніць інтарэсы расейскамоўнай часткі насельніцтва і намагае на добрасуседскіх эканамічных сувязях з Расеяй. Кандыдатам на пасаду прэм'ера ад партыі выступае эканаміст Вячаслаў Дамброўскі. Апаненты «Згоды» кажуць пра яе сувязі з Крамлём. Назіральнікі асцерагаюцца, што партыя можа аб'яднацца ў кіроўную кааліцыю з папулісцкай KPV LV.
Цяперашні склад Сэйма
У сённяшнім складзе аднапалатнага парламента (Сэйма) самую буйную фракцыю (24 мандаты з 100) мае партыя «Згода», заснаваная ў 2010 годзе. Нягледзячы на гэта, «Згода» не ўваходзіць у кааліцыйны ўрад, сфармаваны партыяй «Адзінства» (23 мандаты), ЗЗС (21 мандат) і Нацыянальным аб'яднаннем «Усё для Латвіі» (17 мандатаў). Урад узначальвае Марыс Кучынскіс ад СЗК.
У выбарах удзельнічалі 16 партый і палітычных аб'яднанняў - на тры больш, чым у ходзе мінулых выбараў у 2014 годзе. Каб прайсці ў 13-ы Сэйм, палітычным сілам трэба набраць больш за 5 адсоткаў галасоў. Раней вынікі апытання латвійскага Цэнтра вывучэння грамадскай думкі SKDS паказалі, што ў Сэйм могуць прайсці сем партый. Так, найбольшай падтрымкай апытаных (17,2 адсотка) карыстаецца «Згода», за ЗЗС гатовыя прагаласаваць 9,4 адсотка рэспандэнтаў. Тройку замыкае Нацыянальнае аб'яднанне «Усё для Латвіі» - 6,9 адсотка.