BE RU EN

Прадстаўнік прафзвязу РЭП у Воршы: У нас безупынны наплыў люду

  • 11.11.2018, 21:09

Як незалежны прафзвяз стараецца «трымаць руку на пульсе» ў рэгіёнах.

Чалец Рады РЭП Васіль Бераснёў распавядае praca-by.info аб выніках працы аршанскай прафзвязнай арганізацыі.

- Нашая аршанская арганізацыя РЭП існуе пакуль менш за два гады. Але ў нас ужо блізу 115 чальцоў. Стаўку цяпер робім на працоўную моладзь. Робім усё, каб развязваць праблемы нашага рэгіёну. Адная з асноўных праблем, якую мы развязалі, - гэта мінімізацыя беспрацоўя ў Аршанскім раёне. Трэба сказаць, што вынік ёсць. Крок за крокам, але мы дамагліся таго, што цэнтр працаўладкавання стаў працаваць значна лепш. Мы дамовіліся з яго дырэктарам, яна пагаджаецца з намі, і палепшылі і прыём людзей, і іх працаўладкаванне, і асабліва перанавучанне. Аршанскі раён цяпер у гэтым у лідарах.

- У вас эфектыўна працуе грамадская юрыдычная прыёмная; як вы дамагліся гэтага?

- Мы абавязкова прымаем людзей два разы на тыдзень. Калі трэба, ладзім пазачарговыя прыёмы. Працуюць старшыня арганізацыі Аляксандр Булаўка, юрыст Аляксандр Масалкаў і я, часта ўдзельнічае кіраўніца жаночай секцыі Святлана Пазняк. Мы заўсёды даём людзям змястоўныя парады. Адпраўляем прадстаўнікоў прафзвязу РЭП на судовыя пасяджэнні, калі трэба, у працоўныя калектывы, да кіраўнікоў прадпрыемстваў, у дзяржаўныя ўстановы. Асноўныя праблемы - працаўладкаванне, незаконныя звальненні, нявыплаты заробкаў, розныя працоўныя спрэчкі. Ёсць поспехі, і людзі гэта ведаюць. Таму ў нас безупынны наплыў луду, і не толькі ў прыёмныя дні: людзі прыходзяць, тэлефануюць, мы сустракаемся, калі трэба, і развязваем іх праблемы.

Фото: tut.by
Василий Береснев на митинге "тунеядцев" в Орше. Зима 2017 года
Фото: tut.by

- Ці ўплывае гэта на аўтарытэт прафзвязу РЭП, на рост арганізацыі?

- Вядома. Нас добра ведаюць і жыхары Воршы, і кіраўніцтва раёна. Тыя, хто атрымаў дапамогу, раяць звяртацца да нас сваім сябрам, знаёмым, і работнікаў звяртаецца ўсё больш. Мы дапамагаем не толькі сябрам прафзвязу, і пасля нашых рэкамендацый людзі часта ўступаюць у РЭП. Асабліва моладзь. Але мы ладзім і іншыя цікавыя сустрэчы: арганізуем экскурсіі, злёты, футбольныя матчы дваровых каманд праводзім пад сцягам РЭП. Кожны год адзначаем дзень бітвы пад Воршай. Таксама арыентуемся на працу непасрэдна з людзьмі, напрыклад, адзначаем дні нараджэння чальцоў прафзвязу. Рэгулярна ездзім і ў іншыя раёны: Дубровенскі, Талачынскі. Вось з Багушэўскім цяпер праблема, мы і там бываем. Адным словам, стараемся «трымаць руку на пульсе».

Апошнія навіны