BE RU EN

«Калі збяром каманду такіх, як ён - зможам на роўных канкураваць з топамі»

  • 25.11.2018, 21:18

Трэнер юніёрскай каманды - пра новы талент у беларускім хакеі.

Сваёй гульнёй 17-гадовы падлетак прыцягвае ўвагу не толькі беларускіх заўзятараў, піша tribuna.com.

Пра яго ўжо ўсур'ёз трубяць заходнія экспэрты, кажучы, як пра аднаго з самых таленавітых гульцоў свайго ўзросту. Яшчэ на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Расеі, дзе наша каманда завяршыла выступ у чвэрцьфінале (саступіўшы 2:5 Фінляндыі), Уладзіслаў Калячонак увайшоў у тройку найлепшых гульцоў каманды паводле вынікаў турніру. Нягледзячы на паразы ад Канады (3:8), Швецыі (3:4), ЗША (0:8) абаронца раз за разам выдаваў удалыя змены і зусім не бянтэжыўся перад грознымі спаборнікамі, выйграючы барацьбу на кожным участку. Журналісты наважылі даведацца ў трэнера юніёрскай каманды пра яго падапечнага і вось, што распавёў Павел Перапехін.

- Чым вас прыцягнуў Калячонак?

- У прынцыпе, у гэтага хакеіста ўсе навыкі развіты на высокім узроўні. Многія адзначаюць яго катанне, але я б не стаў рабіць акцэнт менавіта на гэтым. Фізічна хлопец добра развіты, ставіцца з любоўю да сваёй справы і ў нейкай ступені яе фанат. На трэніроўках пастаянна надае ўвагу кідкам і тэхніцы. Яшчэ хочацца адзначыць яго хакейны інтэлект. Гэта не нейкі бязглузды хлопец, якога ўсім узнагародзіла прырода. У яго ёсць мэта зайграць на добрым узроўні, таму крок за крокам ён рухаецца ў гэтым кірунку. Ад сябе і ўсяго трэнерскага штаба юніёрскай каманды магу сказаць: мы рабілі ўсё магчымае, каб не перашкаджаць Уладу развівацца, а таксама ўсяляк дапамагалі і стымулявалі.

- Калячонак распавядаў, што перад ЧС быў у чацвёртай пары абаронцаў і толькі на самым турніры стаў асноўным гульцом. Чаму?

- Не, гэта не зусім дакладная інфармацыя. Мы разлічвалі на яго, як на асноўнага гульца. Трэнерскі штаб шукаў ідэальнае спалучэнне ў парах, таму можа быць яму так здалося. Агулам, Калячонка рыхтавалі да турніру ў якасці асноўнага гульца, і ён цалкам апраўдаў нашы чаканні.

- Чаму цяпер ў яго атрымліваецца, а ў астатніх хлопцаў не?

- Думаю, гэта пастаянная праца. Улад падобны на сучаснага абаронцу: добры ва ўсіх зонах, дастаткова агрэсіўны ў абароне і прыносіць шмат карысці ў атацы. Гэта прыцягвае хакейных мэнэджараў, таму цяпер на яго такі высокі попыт.

Ён сапраўды гуляе ў хакей і ўсебакова развіты, а не як большасць - добрыя альбо ў атацы, альбо ў абароне. Пасля чэмпіянату свету я вылучаў некалькі гульцоў нашай каманды. Вядома, Улад быў сярод пяці-шасці чалавек, якія пакінулі прыемныя ўражанні. Гэтыя хакеісты не саступалі тым жа фінам, шведам - яны гулялі на высокім узроўні. Магу больш сказаць: калі збяром цэлую каманду такіх, як Калячонак - зможам на роўных гуляць з топавымі камандамі. Улад цалкам адпавядаў узроўню лідараў фінаў, шведаў, амерыканцаў. Думаю, таму яго і заўважылі.

- Дык чаго яму не стае?

- Магчыма, варта падцягнуць дакладнасць перадач. У некаторых момантах не стае жорсткасці пасу. Усё астатняе ў яго ёсць. Гэта гулец з перспектывай на НХЛ, калі, вядома, не спыніцца ў сваім развіцці, не зловіць зорку і будзе працягваць працаваць. Нездарма ён прэтэндэнт на першы раўнд драфта-2019.

- Якім чалавекам вам здаўся Калячонак?

- Своеасаблівы хлопец, не заўважаў у ім нейкай сціпласці. Але і рэдка мог адгыркнуцца або адказаць у непрыстойнай форме. Бывалі, вядома, нейкія заскокі, але ўсё гэта ў мінулым. Думаю, ён перамог іх. Не магу сказаць, што Улад быў лідарам той зборнай і вёў хлопцаў за сабой, хоць часу на пляцоўцы праводзіў шмат. Магчыма, узрост не даваў у поўнай меры ўздзейнічаць на партнёраў. Усё-такі з некаторымі хлопцамі ў яго розніца больш за год.

Апошнія навіны