BE RU EN

Ізраіль пабудуе сваю «Паўночную плынь»

  • 25.11.2018, 21:23

Пастаўкі ізраільскага газу ў Еўропу павінны пачацца, калі будзе пабудаваны газаправод з Ізраіля праз Кіпр, Крыт і Грэцыю да Італіі.

Ізраіль мае намер да канца 2025 гады пачаць пастаўкі газу ў Еўропу па новым буйным газаправодзе. Адпаведнае пагадненне з Грэцыяй, Кіпрам і Італіяй павінна быць падпісанае да лютага 2019 года, заявіў у нядзелю, 25 лістапада, міністр энэргетыкі краіны Юваль Штайніц. З ягоных слоў, прадугледжваюцца таксама пастаўкі газу з Кіпра, піша «Немецкая волна».

Міністр адзначыў, што чатыры краіны дасягнулі прынцыповай згоды ў гэтым пытанні праз год пасля таго, як у тэхніка-эканамічным абгрунтаванні, складзеным экспэртамі ЕЗ, была дадзеная станоўчая ацэнка праекту.

Паводле першапачатковага падліку, будаўніцтва газаправода даўжынёй 2100 кіламетраў абыдзецца прыкладна ў 6 мільярдаў еўраў. Яго плануецца пракласці па дне Міжземнага мора на глыбіні да 3000 метраў ад багатых радовішчаў Ізраіля да Кіпра, а адтуль - да Крыта і праз мацерыковую частку Грэцыі да Італіі.

Штайніц паказаў, што на працягу года пасля афіцыйнага падпісання пагаднення павінна быць развязанае пытанне прыватнага фінансавання трубаправода. Пракладка зойме яшчэ 4-5 гадоў. «Калі ўсё пойдзе, як запланавана, мы разлічваем, што ў 2024-2025 годзе мы станем пастаўшчыком энэргетычных рэсурсаў для Еўропы», - падзяліўся планамі ізраільскі міністр.

Па згодзе ўсіх чатырох удзельнікаў праекта да яго змогуць далучыцца і іншыя краіны, падкрэсліваюць у ізраільскім міністэрстве энэргетыкі. Еўрапейскі Звяз вылучыў на тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне і планаванне 70 мільёнаў еўраў.

Мемарандум аб узаемаразуменні па будаўніцтву газавай магістралі ў Еўропу быў падпісаны міністрамі энэргетыкі Ізраіля, Кіпра і Грэцыі, а таксама паслом Італіі на Кіпры ў снежні 2017 года. Пры падпісанні ў Нікасіі прысутнічаў і камісар ЕЗ у пытаннях энэргетыкі і абароны клімату Мігель Арыас Каньетэ.

Апошнія навіны