Bloomberg: Расейскі рубель - самая рызыкоўная валюта ў свеце
- 27.11.2018, 21:42
Турэцкая ліра ўпершыню за паўгода саступіла званне самай рызыкоўнай валюты ў свеце расейскаму рублю.
У сваіх разліках агенцтва Bloomberg базуецца на звестках аб дзеяннях трэйдараў, гатовых купіць і прадаць валюту на рынку, паведамляе РБК.
Змяненне сітуацыі ў Bloomberg тлумачаць тым, што турэцкая ліра ўмацавала свае пазіцыі пасля сур'ёзнага крызісу ў жніўні на фоне рознагалоссяў паміж Анкарой і Вашынгтонам. Гэтаму паспрыялі як зняцце адміністрацыяй Дональда Трампа часткі абмежаванняў на адрас Турцыі, так і дзеянні ЦБ гэтай краіны, які падвысіў ключавую стаўку да 24%.
Што тычыцца рубля, то на яго працягваюць аказваць ціск зніжэння цэнаў нафты, а таксама захоўваецца рызыка ўзмацнення жорсткасці амерыканскіх санкцый. Пры гэтым трэйдары сталі менш давяраць расейскай валюце пасля інцыдэнту ў Чорным моры, дзе памежнікі затрымалі ўкраінскія вайсковыя караблі.
На фоне падзей у раёне Керчанскага праліва ў панядзелак курс рубля пачаў зніжацца ў дачыненні да даляра і еўра. У аўторак расейская валюта спачатку трохі адыграла падзенне, аднак да вечара сітуацыя змянілася. Паводле стану на 20:40 паводле Менску біржавы курс даляра складаў 67,28 руб., еўра - 75,93 руб. У студзені 2018 года даляр таргаваўся ў дыяпазоне 56-57 руб., еўра - 68-69 руб.
22 лістапада кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын раскрытыкаваў ідэю дэдаларызацыі, бо рубель, з ягоных слоў, з'яўляецца не самай моцнай і стабільнай валютай. «У сусветных разліках патрабуецца больш стабільная адзінка вымярэння. У гэтым сэнсе рубель, падаючы ўдвая за год, не мае такой уласцівасці. Таму пераход на разлікі ў рублі - гэта дадатковыя валютныя рызыкі», - сказаў ён.