Міністэрства інфармацыі распавяло, як беларусы павінны «стукаць» самі на сябе
- 28.11.2018, 21:10
«Здаваць» сябе можна будзе ў тым ліку праз сацыяльныя сеткі.
Ужо 1 снежня каментатары на беларускіх сайтах павінны абавязкова ідэнтыфікавацца: прывязаць нумар тэлефона да сваёй старонкі на форумах. Аднак у пастанове ўрада гаворыцца і аб «іншых звестках і тэхнічных сродках, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу карыстальніка». Ці значыць гэта, што можна ідэнтыфікавацца праз сацыяльныя сеткі? І якія патрабаванні пры рэгістрацыі сеткавых выданняў будуць выстаўляцца іх галоўным рэдактарам? Пра гэта tut.by расказаў намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.
- Асноўны спосаб ідэнтыфікацыі каментатараў на форумах, які прапануе дзяржава, гэта СМС-ідэнтыфікацыя. Але прадугледжаная магчымасць правядзення ідэнтыфікацыі любым іншым спосабам, які ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу альбо галоўны рэдактар палічаць мэтазгодным. У тым ліку гэта мае на ўвазе магчымасць ідэнтыфікацыі праз сацыяльныя сеткі або праз электронную пошту, - тлумачыць Павел Лёгкі.
- Але дзе гарантыя, што старонка ў сацыяльных сетках зарэгістраваная на рэальнага чалавека?
- Адказнасць за ідэнтыфікацыю нясе ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу ці галоўны рэдактар. У выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі менавіта ён абавязаны будзе даць на адпаведны запыт неабходныя звесткі аб карыстальніку. І калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, то менавіта яму давядзецца тлумачыцца. У тым выпадку, калі сеткавае выданне выкарыстоўвае для форумаў СМС-ідэнтыфікацыю, уладальнік або галоўны рэдактар здымаюць з сябе адказнасць за дакладнасць тых звестак, якія яны атрымалі. Гэта спосаб, які прадэкларавала дзяржава. Калі ж будзе абраны іншы спосаб ідэнтыфікацыі, напрыклад, карыстальнік зарэгістраваўся праз сацыяльныя сеткі, а потым высветлілася, што гэта фэйкавая старонка і чалавека такога няма, то, адпаведна, да ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу можа быць выстаўленае патрабаванне: скасаваць карыстальніцкае пагадненне з каментатарам - а галоўны рэдактар можа атрымаць папярэджанне.
- То бок, тэарэтычна праз сацыяльныя сеткі ідэнтыфікаваць каментатараў можна, але на практыцы так лепш не рабіць?
- Я не даю парадаў, няхай уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў і галоўныя рэдактары самі прымаюць рашэнні. Але паўтару: СМС-ідэнтыфікацыя засцеражэ ад адказнасці за тое, што чалавек увядзе іх у зман і падасць няслушную інфармацыю. Тым не менш ніхто не забараняе: хочаце - праз «Фэйсбук» ідэнтыфікуйце, хочаце - праз «Вконтакте». Наогул, абразы або паклёп, або, да прыкладу, распаўсюджванне звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць, павінны адсякаць на этапе мадэрацыі каментароў. У тых рэсурсаў, у якіх з гэтым парадак, праблем не павінна ўзнікнуць. Нагодай для разглядаў можа паслужыць зварот грамадзяніна, які палічыў, што яго абразілі ці ж на форуме распаўсюдзілі недакладныя звесткі пра яго.
- З 1 снежня па новаму Закону «Аб СМІ» сеткавыя выданні могуць рэгістравацца ў якасці СМІ. Міністэрства інфармацыі анансавала змены патрабаванняў да галоўных рэдактараў. Цяпер гэта могуць быць толькі людзі з пяцігадовым стажам на кіруючай пасадзе ў СМІ.
- Кваліфікацыйныя патрабаванні пры рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў будуць дастаткова дэмакратычнымі. Міністэрства інфармацыі прапанавала наступны падыход: галоўным рэдактарам сеткавага рэсурсу можа стаць чалавек, у якога ёсць вышэйшая адукацыя і стаж рэдакцыйнай журналісцкай працы ў СМІ, альбо стаж працы ў арганізацыях, якія займаюцца выдавецкай дзейнасцю, альбо дзейнасцю інтэрнэт-рэсурсаў, не менш за 3 гады.
Умоўна кажучы, галоўным рэдактарам сеткавага выдання можа быць любы чалавек, які тры гады прапрацаваў на інтэрнэт-рэсурсе. Прыблізна такія ж падыходы мы прапануем і для друкаваных выданняў. Цяпер рыхтуецца пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, разлічваем, што найбліжэйшым часам яна будзе прынятая.