BE RU EN

Дзясяткі тысяч чалавек у Брусэлі выйшлі на дэманстрацыю ў абарону клімату

  • 2.12.2018, 21:20

Дэманстранты заклікалі да абмежавання выкідаў вуглякіслага газу.

У Брусэлі ў нядзелю, 2 снежня, прайшла масавая дэманстрацыя ў абарону клімату. Паводле звестак паліцыі бэльгійскай сталіцы, у акцыі ўзялі ўдзел блізу 65 тысяч чалавек.

Дэманстранты заклікалі да больш жорсткіх захадаў для абмежавання выкідаў вуглякіслага газу на нацыянальным, еўрапейскім і сусветным узроўні. Акцыя, удзельнікі якой прайшлі маршам па цэнтры горада, закончылася мірна, паведамляе "Нямецкая хваля".

Напярэдадні экалагічныя актывісты правялі масавыя дэманстрацыі ў Нямеччыне. Паводле звестак арганізатараў, акцыя ў Бэрліне сабрала блізу 16 тысяч чалавек, а на пратэст у Кёльне на захадзе Нямеччыны выйшлі больш за 20 тысяч чалавек. У сваю чаргу, паліцыя заявіла пра "вельмі высокую колькасць удзельнікаў" акцыі ў Кёльне і больш за 5 тысяч пратэстоўцаў у Бэрліне. Са слоў прадстаўніка нямецкай філіі міжнароднай арганізацыі Greenpeace, дэманстранты выступалі супраць здабычы вугалю і кліматычнай палітыкі Нямеччыны ў цэлым.

Мэта - абмежаваць глабальнае пацяпленне двума градусамі

З 3 да 14 снежня ў польскім горадзе Катавіцэ пройдзе 24-я Канферэнцыя Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату. Галоўнай тэмай сустрэчы стане стрымліванне глабальнага пацяплення і адаптацыя да змены клімату. Парыжскае пагадненне аб клімаце, укладзенае ў 2015 годзе, мае на мэце абмежаваць глабальнае пацяпленне да канца стагоддзя двума градусамі Цэльсія.

Апошнія навіны