У Каталоніі прыхільнікі незалежнасці перацялі дарогі
- 21.12.2018, 12:33
Прэм'ер Гішпаніі праводзіць сустрэчу з кіраўніком жэнералітату аўтаноміі Кімам Торам.
У Каталоніі прыхільнікі незалежнасці аўтаноміі перацялі дзясяткі дарог на знак пратэсту супраць выязнога пасяджэння ўрада Гішпаніі, якое сёння пройдзе ў Барсэлоне.
Пра гэта паведамляе La Vanguardia.
Блакаванне дарог пачалося яшчэ ў чацвер вечарам, а на раніцу пятніцы перацяты рух на 23 магістралях і дарогах, якія вядуць у каталонскую сталіцу.
Аднак у самой Барсэлоне рух практычна цалкам адкрыты, у тым ліку ў цэнтры горада.
Для забеспячэння парадку прыцягнулі 3500 супрацоўнікаў каталонскай паліцыі, акрамя таго, у выпадку неабходнасці ў рэзерве знаходзяцца 4500 супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі ды гішпанскай паліцыі.
Прэм'ер Гішпаніі Пэдра Санчэс сёння правядзе ў Барсэлоне сустрэчу з кіраўніком Жэнералітату Каталоніі Кімам Торам.
Нягледзячы на тое, што ў Каталоніі называюць сустрэчу самітам (сустрэчай лідараў незалежных дзяржаў), у гішпанскім урадзе адхрышчваюцца ад такіх фармулёвак.
Тэмы сустрэчы ва ўрадзе Каталоніі не раскрываюць. Санчэс заявіў, што хоча засяродзіцца на сацыяльных і эканамічных праблемах рэгіёну, а не на пытанні незалежнасці Каталоніі.