Кошт нафты Brent упершыню за 15 месяцаў апусціўся ніжэй за $54 за барэль
- 21.12.2018, 15:25
На сусветных біржах прадаўжаецца падзенне коштаў нафты.
Нафтавым каціроўкам не ўдалося перайсці да росту пасля значнага падзення 20 снежня, калі кошт барэля Brent знізіўся больш чым на 5%, піша РБК. Падчас таргоў у пятніцу, 21 снежня, кошт Brent упершыню больш чым за 15 месяцаў апусціўся ніжэй за $54 за барэль. На мінімуме ён дасягнуў адзнакі $53,73, што на 1,14%, або $0,62, ніжэй за ўзровень закрыцця папярэдніх таргоў. Так танна Brent не каштавала з 12 верасня 2017 года.
Крыху павольней зніжаецца кошт нафты маркі WTI. Напярэдадні, 20 снежня, кошт барэля гэтай нафты ўпаў на 2,8%, а ў пятніцу апусціўся да $45,56 (мінус 0,7% да закрыцця папярэдніх таргоў).
«У існы момант пазітыву на рынку нафты няшмат. У пачатку наступнага года чакаецца прафіцыт сыравіны ў варунках замаруджвання попыту, росту здабычы ЗША і паступовага скарачэння здабычы краінамі картэлю», - адзначаецца ў справаздачы аналітыкаў банка «Санкт-Пецярбург».
У сваю чаргу галоўны аналітык «Нордэа Банка» Дзяніс Давыдаў адзначае, што трыгерам для падзення нафтавых коштаў сталі маштабныя распродажы на сусветных фондавых пляцоўках пасля пасяджэння ФРС, на якім была прынятая пастанова аб падвышэнні базавай адсоткавай стаўкі. «З улікам набліжэння калядных канікул на заходніх пляцоўках распродажы на рынку, хутчэй за ўсё, прыпыняцца», - прагназуе Давыдаў, са слоў якога існы ўзровень коштаў становіцца не камфортным для практычна ўсіх краін АПЕК і амерыканскіх вытворцаў сланцавай нафты.
Да 13:40 паводле беларускага часу кошт барэля Brent складаў $53,84, барэля WTI - $45,67.