BE RU EN

Расея выслала швэдскага дыпламата

  • 21.12.2018, 17:53

У МЗС Швэцыі назвалі дзеянні Расеі адказам на адмову ў акрэдытацыі двум дыпламатам з РФ.

Расея прадпісала дыпламату з Швэцыі пакінуць межы РФ. «Міністэрства замежных спраў Швэцыі адмовіла ў дыпламатычных візах двум расейскім прадстаўнікам. Расея ў адказ папрасіла пакінуць РФ дыпламата са швэдскай амбасады ў Маскве», - паведаміў прадстаўнік МЗС Швэцыі Вільхельм Рундквіст у інтэрв'ю агенцтву dpa ў пятніцу, 21 снежня. Пра гэта піша «Нямецкая хваля».

Рундквіст сказаў, што Швэцыя шкадуе аб пастанове Расеі. Пры гэтым ён адмовіўся ўдакладніць, калі гэта пастанова была прынятая, і ці вярнуўся ўжо швэдскі дыпламат на радзіму. Прадстаўнік МЗС Швэцыі таксама адмовіўся назваць імя высланага супрацоўніка дыпмісіі і растлумачыць, з якой прычыны расейцам было адмоўлена ў дыпламатычнай акрэдытацыі.

Газета Expressen, якая выходзіць у Стакгольме, паведаміла са спасылкай на неназваныя крыніцы, што расейскія дыпламаты, якім Швэцыя адмовіла ў акрэдытацыі, раней працавалі ў расейскай выведцы. Выданне таксама адзначыла, што высланы з Расеі швэдскі дыпламат з'яўляецца культурным аташэ пры пасольстве Швэцыі ў Маскве.

МЗС Расеі адмовілася ад каментароў.

Апошнія навіны