Фінскі фонд вылучыў талентам у Беларусі стыпендыі па €1000
- 21.12.2018, 19:51
Таленты выбіраюць і падтрымліваюць у трох накірунках - спорт, навука і мастацтва.
Фінскі фонд OLVI, які ў Беларусі прадстаўляе кампанія «Лідскае піва», вылучыў стыпендыі па 1 000 еўраў таленавітым беларусам. Іх атрымалі маладыя хлопцы з Гарадзенскай вобласці, што мелі поспех, у галіне навукі і мастацтва, а таксама дасведчаныя педагогі, паведамляе belmir.by.
Сёлета стыпендыятамі сталі трое прадстаўнікоў таленавітай моладзі. У намінацыі «Навука» - Арцём Здановіч і Георгій Рыбак, а ў галіне мастацтва - Анастасія Гуранкова. Усім ім вылучаныя аднаразовыя стыпендыі па 1 000 еўраў кожная.
Акрамя таго, падтрымку атрымалі таленавітыя педагогі Лідскага раёна - настаўніца працоўнага навучання Святлана Гагалушка і настаўніца біялогіі Таццяна Чарамісіна.
Яны скарылі прадстаўнікоў фонду сваімі дасягненнямі ў метадычнай рабоце, вядзенні курсаў павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўцы алімпіяднікаў. Як і юным талентам, стыпендыі ім будуць выплачаныя аднаразова.
Фонд OLVI уручае стыпендыі таленавітым дзецям у Беларусі з 2011 года. Некамерцыйная арганізацыя заснаваная ў 1955 годзе для фінансавай падтрымкі таленавітай моладзі і падтрымкі дасягненняў маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі.