BE RU EN

Пашынян не збіраецца сустракацца з Засем

  • 21.12.2018, 20:52

Ерэван настойвае на тым, што новым генеральным сакратаром АДКБ да 2020 года павінен быць прадстаўнік Арменіі.

В.а. кіраўніка ўрада Арменіі Нікол Пашынян не гатовы да сустрэчы з сакратаром Рады бяспекі Беларусі Станіславам Засем, які прэтэндуе на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, заявіў прэс-сакратар прэм'ера Арман Егаян, паведамляе interfax.by.

«Калі дагэтуль такая сустрэча не адбылася, значыць, у ёй не было неабходнасці», - сказаў А.Егаян армянскай газеце «Айкакан Жаманак».

Раней у пятніцу А.Егаян заявіў, што пытанне абрання новага генеральнага сакратара АДКБ павінна быць вырашанае шляхам кансэнсусу.

У склад АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расея і Таджыкістан.

Вакансія генеральнага сакратара АДКБ адкрылася пасля таго, як Арменія датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава, які адпрацаваў на гэтай пазіцыі паўтара года з прадугледжаных статутам трох гадоў. В.а. генеральнага сакратара стаў расейскі прадстаўнік Валерый Семерыкоў, які раней працаваў намеснікам генеральнага сакратара АДКБ.

У ліпені ерэванскі суд першай інстанцыі прыняў пастанову арыштаваць Ю.Хачатурова, які абвінавачваецца ў спробе звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Арменіі ў 2008 годзе, а затым пагадзіўся адпусціць яго пад заклад.

У пачатку лістапада прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў паводле вынікаў сесіі Рады калектыўнай бяспекі АДКБ заявіў, што наступны пасля Арменіі генеральны сакратар арганізацыі паводле статуту арганізацыі павінен быць абраны ад Беларусі. Адпаведную інфармацыю пазней пацвердзіў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Ерэван настойвае на тым, што новым генеральным сакратаром АДКБ да 2020 года павінен быць прадстаўнік Арменіі.

Апошнія навіны