Беларускі акрабат выйшаў у фінал нямецкага шоў талентаў
- 22.12.2018, 20:59
Ён змагаецца за прыз 100 тысяч еўраў.
Беларус Вячаслаў Гагуноў у складзе трыа акрабатаў Step Out трапіў у фінал нямецкага тэлешоў Das Supertalent 2018, які транслюе канал RTL, піша belmir.by.
Калектыў, у склад якога, акрамя нашага суайчынніка, уваходзіць швед Эліяс Ларсан і немец Патрык Шуман, пазмагаецца за званне «суперталенту» і прыз у 100 тысяч еўраў.
Пра гэта паведамляецца на сайце канала.
Усяго ў фінал тэлешоў выйшлі 12 удзельнікаў. Сярод іх шмат спевакоў і танцораў, але ёсць, напрыклад, асілак, што гне патэльні, і майстар гукавой імітацыі.
Трыа Step Out у адборачных турах прэзентавала на суд журы свой нумар з галавакружнымі, складанымі і небяспечнымі скачкамі на трампліне.
У выніку адна з трох суддзяў - галандская мадэль Сільвія Мэйс - націснула «залатую кнопку», якая дала акрабатам права прайсці адразу ў фінал, абыходзячы далейшы працэс адсеву.
Нумар вельмі ўразіў і атрымаў адзнаку «так» і ад двух астатніх сябраў журы - нямецкага поп-музыкі Дытэра Болена і амерыканскага манекеншчыка Бруса Дарнел.
Фінал тэлешоў Das Supertalent 2018 павінен быць паказаны па RTL вечарам у суботу 22 снежня ў жывым эфіры. Пераможцу вызначаць галасаваннем тэлегледачы.
Пра Вячаслава Гагунова (Viachaslau Hahunou) у інтэрнэце ўдалося знайсці мінімум інфармацыі. Вядома, што яму 37 гадоў, да трампліна займаўся батутам, выступаў у Cirque du Soleil.
- Самае важнае ў нашай прафесіі - гэта добрая размінка і падрыхтоўка цела і розуму, перад тым, як заняцца акрабатыкай, - казаў ён у інтэрв'ю французскаму сайту.