BE RU EN

Судаленка: Калі раней за дапамогай ішлі асобныя рабочыя, то сёлета - цэлыя мануфактуры

  • 22.12.2018, 21:24

Вядомы гомельскі праваабаронца пра вынікі працы ў адыходзячым годзе.

Са слоў праваабаронцы, адыходзячы год выдаўся даволі напружаным, а атрыманая напярэдадні прэмія Французскай Рэспублікі за абарону правоў чалавека з'яўляецца вынікам яго працы на працягу апошніх 20 гадоў. Лаўрэат прэстыжнай прэміі распавёў рэдакцыі сайта «Гомельская Вясна» пра сваю працу за 2018 год:

Пра абарону грамадзянскіх і палітычных правоў

На працягу года я абараняў у першую чаргу грамадзянскія і палітычныя правы. Абараняў і абараняю журналістаў - фрылансераў, звыш 30 судовых пастаноў за год, вялізныя штрафы, цяпер вычарпальныя ўнутраныя сродкі прававой абароны для таго, каб звярнуцца ў Камітэт ААН правоў чалавека.

Таксама вяду на нацыянальным узроўні каля трох дзясяткаў спраў, звязаных з парушэннем правоў грамадзян на мірныя сходы і як следства на выказванне меркавання. На працягу года абараняў правы ўдзельнікаў пратэстных акцый у Курапатах - наша прававая пазіцыя ляжыць у плоскасці мірных пратэстаў, а не парушэнні з іх боку Правілаў дарожнага руху.

Вяду да Камітэта правоў чалавека блізу 10 спраў, звязаных са стыхійным сходам, які адбыўся на вуліцы пасля суда над лідарамі прафзвязу РЭП. Таксама выкарыстоўваю ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны ў многіх справах светлагорскіх актывістаў, якія пратэставалі супраць шкоднай хімічнай вытворчасці. Шмат спраў у судах на працягу года тычылася забароны мірных пратэстаў, супраць масавых выклікаў людзей да следчых у крымінальнай справе незалежнага прафзвязу РЭП.

На працягу года я зарэгістраваў у Камітэце ААН правоў чалавека 14 асобных скаргаў на карысць беларускіх грамадзян. Усе яны з'яўляюцца важнымі для рэфармавання нацыянальнага заканадаўства і практыкі яго прымянення, але сярод іх я б вылучыў такую стратэгічную справу, як справа «Сям'і Папчэні супраць Беларусі». Мяркую, што гэта справа павінна пакласці канец выкарыстанню дзіцячай працы ў нашай краіне.

На працягу года Камітэт правоў чалавека прыняў 6 пастаноў паводле скаргаў, якія я падаваў раней. Між іншым, атрымалася, напрыклад, давесці, што затрыманне мірных удзельнікаў падчас акцыі з'яўляецца адвольным, а адмова ў выбары свайго прадстаўніка ў адміністрацыйным працэсе парушае права на справядлівы суд. Таксама разгледжаны справы Аляксандра Грунова і яго маці, у якіх аанаўскіх Камітэт канстатаваў не толькі парушэнне права на жыццё, але і прымяненне да маці бесчалавечнага абыходжання ў сувязі з адмовай дзяржавы выдаць цела расстралянага сына для пахавання.

Акрамя выкарыстання для абароны правоў Камітэта правоў чалавека на працягу года актыўна выкарыстоўваў і такія механізмы, як механізмы Спецдакладчыкаў ААН. Напрыклад, пасля звароту да тэматычнага Спецдакладчыка была спыненая адміністрацыйная справа супраць журналіста-фрылансера ў Гомелі. Таксама я звярнуў увагу спецдакладчыка ў сувязі з высылкай з краіны актывісткі АГП, якая з'яўляецца грамадзянкай Расеі. Вынік як бачым таксама станоўчы.

Пра абарону сацыяльна-эканамічных правоў

Гаворачы пра абарону правоў чалавека, нельга не казаць і пра абарону сацыяльна-эканамічных правоў беларускіх грамадзян. У Рэчыцы абараніў сірату, ад якога дзяржава патрабавалага вялікую суму за навучанне. Тут жа дапамог рабочаму з лесапільні давесці, што ён атрымаў траўму рукі на працы і спагнаць з працадаўцы буйную суму маральнай шкоды. Зноў жа, дапамог рабочаму вярнуць нявыплачаную пенсію больш чым за 5 гадоў. На працягу года абараняў у судах правы працоўных тлушчавага, малочнага камбінатаў і нават лікёра-гарэлачнага завода ў Гомелі. Жартам кажу - калі раней да мяне за дапамогай ішлі асобныя рабочыя, то сёлета пайшлі цэлымі мануфактурамі.

Таксама на працягу адыходзячага году абараняў правы сем'яў, якіх улада аднесла ў разрад сацыяльна-небяспечных. У Лоеве, напрыклад, мы дамагліся вяртання ў сям'ю трохмесячнага дзіцяці. У Гомелі чыноўнікі спынілі пераслед адзінокай маладой жанчыны, сям'ю якой хочуць паставіць у лік так званага суправаджальных (сацыяльна небяспечнае становішча), толькі таму што маці страціла працу.

Пра прэмію за абарону правоў чалавека

На атрыманне праваабарончай прэміі сёлета прэтэндавалі 110 праваабаронцаў з 60 краін свету. Пераможцамі сталі праваабаронцы Кітая, Нігерыі, Калумбіі, Ізраіля - Палестыны і Беларусі. Я вельмі ганаруся, што ў пяцёрку лаўрэатаў трапіла і мая, як беларускага праваабаронцы кандыдатура.

Атрыманая ў Парыжы прэмія Французскай Рэспублікі з'яўляецца не толькі высокай ацэнкай маёй праваабарончай працы, якую я вяду на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў, але і вызначаным маім абярэгам. Прадстаўнікі Урада Францыі запэўнілі ўсіх пяць лаўрэатаў-2018, што з моманту ўзнагароджання мы знаходзімся пад абаронай французскай дыпламатыі.

Апошнія навіны