У Беларусі скасавалі плату за правоз у цягніках дробных хатніх жывёлін і птушак
- 23.12.2018, 16:11
Раней плата бралася за кожнае месца ў суме 50% кошту поўнага праязнога квітка да пункта прызначэння пасажыра.
Пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 12 снежня 2018 года №86 унесеныя змены ў «Інструкцыю аб парадку ўстанаўлення і выкарыстання тарыфаў на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання на гарадскіх, рэгіянальных і міжрэгіянальных лініях» (зацверджаная пастановай МАРГ ад 27 верасня 2016 года №29), паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дакументам выключаны пункт, які тычыцца платы за перавозку дробных хатніх жывёлін і птушак. Раней у вагонах з ненумараванымі месцамі на гарадскіх і рэгіянальных лініях, у тым ліку ў вагонах на рэгіянальных лініях эканомкласа, плата бралася за кожнае месца ў суме 50% кошту поўнага праязнога квітка да пункта прызначэння пасажыра.
Таксама ўнесеныя змены ў аплату перавозкі сабак буйных парод - аплату пры перавозцы ў асобным купэ на рэгіянальных лініях бізнэс-класа або міжрэгіянальных лініях будуць спаганяць зыходзячы з кошту квіткоў усіх месцаў купэ. Пункт аб дадатковай плаце за кожнага сабаку як за 20 кг масы багажу выключаны.
Акрамя гэтага скасаваная плата за перавозку ровара ў неразабраным і неўпакаваным выглядзе ў вагонах з ненумараванымі месцамі (раней плата бралася ў суме кошту поўнага праязнога дакумента (квітка) да пункта прызначэння пасажыра).
Пастанова ўвайшла ў дзеянне 22 снежня.