«Свабода так далёка і так блізка»
- 24.12.2018, 21:17
У сеціве апублікавалі ліст захопленага ўкраінскага марака.
Украінская журналістка Таісія Турчын апублікавала ліст захопленага ў Керчанскай пратоцы ўкраінскага марака Андрэя Эйдэра, якому на днях споўнілася 19 гадоў.
Як паведаміла журналістка на сваёй старонцы ў Facebook, самы малодшы з маракоў напісаў адказ на яе ліст, паведамляе nv.ua.
З яе слоў, турэмныя цэнзары ўнеслі ў ліст Эйдэра адну праўку - яны зафарбавалі два словы «Слава Україні».
У сваім лісце Эйдэр, які атрымаў раненне ў нагу пры захопе карабля, напісаў, што ідзе на папраўку, раны гояцца, і ён можа хадзіць, трохі кульгаючы. Таксама ён не скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў палаце бальніцы СІЗА Матроская цішыня.
Украінскі марак напісаў, што хоча вярнуцца дадому як мага хутчэй, «хоць бы да канца студзеня». Але ў той жа час, ён адзначыў, што разумее, што вызваленне залежыць ад палітычных пастаноў.
«Хочацца дадому хутчэй вярнуцца. Мару, каб гэта адбылося хаця б да канца студзеня, але мне здаецца, што гэтай мары не наканавана спраўдзіцца. Паняцця не маю, на колькі гэта ўсё зацягнецца, паўгода, год... Самае цяжкае - глядзець у акно і бачыць удалечыні сотні машын, людзей, якія вольныя. Здаецца вось яна, свабода, яна так далёка і так блізка», - напісаў Эйдэр.
Ліст заканчваецца словамі «Вярніце нас дадому».
20 снежня Андрэю Эйдэру споўнілася 19 гадоў. Ён - самы малодшы сябра экіпажа карабельнай групы ВМС Украіны, захопленай падчас спробы прайсці праз Керчанскую пратоку.
Расейскія сілавікі захапілі два малыя артылерыйскія браняваныя катары Бярдзянск і Нікапаль і рэйдавы буксір Яны Капу і 24 вайскоўцаў ВМС УС Украіны 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі падчас іх пераходу з порта Адэсы ў порт Марыўпаль Азоўскага мора. У выніку тарана памежнага карабля РФ быў пашкоджаны буксір ВМС Украіны, раненні атрымалі тры ўкраінскія маракі.