BE RU EN

Актывісты ў Ерэване запатрабавалі вываду расейскай вайсковай базы

  • 25.12.2018, 21:27

Удзельнікі акцыі расцягнулі транспарант з надпісам «Расейскае войска, прэч з Арменіі!».

Удзельнікі акцыі ля амбасады РФ у Ерэване запатрабавалі вывесці расейскую вайсковую базу з Гюмры, забяспечыць празрыстае расследаванне забойства Джульеты Гукасян расейскім вайскоўцам і перагледзець характар стасункаў з Расеяй.

Блізу 20 актывістаў, у тым ліку прадстаўнікі Еўрапейскай партыі Арменіі і Нацыянальнага прэс-клуба, правялі сёння акцыю пратэсту перад пасольствам Расеі ў Ерэване, патрабуючы вываду 102-й расейскай вайсковай базы, што дыслакуецца ў Гюмры, у сувязі з забойствам Джульеты Гукасян. Удзельнікі акцыі расцягнулі транспарант з надпісам «Расейскае войска, прэч з Арменіі!», заявіўшы, што 102-я расейская вайсковая база ў Гюмры з'яўляецца «пагрозай бяспецы грамадзян Арменіі», паведаміў карэспандэнт «Каўказскага вузла».

Нагадаем, 57-гадовая жыхарка Гюмры Джульета Гукасян памерла ў шпіталі пасля збіцця ўночы 3 снежня. Пасля забойства быў затрыманы расейскі вайсковец, яму пагражае да дзесяці гадоў зняволення паводле артыкулу аб наўмысным прычыненні цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула з неасцярожнасці смерць пацярпелага. Арменія перадала абвінавачанага расейскай старане, ён знаходзіцца пад арыштам на 102-й базе. Прадстаўнікі сям'і Гукасянаў 24 снежня запатрабавалі перадаць яго Арменіі і змясціць у крымінальна-папраўчую ўстанову краіны.

Апошнія навіны