New York Times распавяла, як святкуюць Новы год па-беларуску
- 25.12.2018, 21:54
Аб святкаванні Новага года распавялі эмігранты з Беларусі.
New York Times апублікавала матэрыял пра тое, як святкуюць Новы год у сям'і Фрумкіных - эмігрантаў з Беларусі, дачка якіх Боні Маралес заснавала ў ЗША рэстарацыю беларускай кухні «Качка».
Журналісты выдання пабывалі ў Портлендзе, штат Арэгон, на «трэнінгавай» святочнай вячэры, якую Фрумкіны зладзілі напярэдадні сапраўднай навагодняй застоліцы, паведамляе belmir.by.
У 1980 годзе іхняя сям'я ў складзе таты Славы, мамы Любы і сына Сымона, якому тады было 6, эмігравалі ў ЗША з Беларусі.
Цяпер жа ўся сям'я жыве паблізу Портленда.
Стаўшы амэрыканцамі, Фрумкіны, тым не менш, па-ранейшаму адзначаюць Новы год як самае галоўнае свята - Каляды, Дзень незалежнасці і Дзень падзякі разам узятыя.
Мама Боні Люба і ейная цётка Ася Рохкінд, як трэба было паводле звычаю, заставілі традыцыйнымі закускамі кожны квадратны сантымэтар стала.
Тут былі чорная асятровая і чырвоная ласасёвая ікра, тры тыпы салёнай, марынаванай і вэнджанай рыбы, зялёныя памідоры, чырвоны перац, яблыкі і айва з хатніх «закатак».
А акрамя таго, салаты з баклажанаў, буракоў, бульбы, грыбоў і агуркоў, фаршаваныя яйкі, галубцы, баклажанавыя рулецікі, накроены ялавічны язык, халадзец і свіная карэйка.
У артыкуле таксама апавядаецца аб абавязковай для Новага года страве - салаце аліўе, у склад якой уваходзяць вараная курыца, бульба, яйкі ды іншыя складнікі.