BE RU EN

Расейскіх алігархаў у Брытаніі папросяць растлумачыць паходжанне багацця

  • 3.02.2018, 20:22

Улады Вялікабрытаніі маюць намер пачаць сур'ёзную барацьбу з незаконным ашчадкам расейскіх алігархаў.

У кабінеце міністраў мяркуюць, што лад жыцця багатых выхадцаў з Расеі мае шмат агульнага з падзеямі серыяла "Макмафія", паведамляе bbc.com.

"Уся моц урада" абрынецца на карумпаваных палітыкаў і замежных злачынцаў, якія выкарыстоўваюць Вялікабрытанію як прытулак, сказаў у інтэрв'ю газеце Times міністр у пытаннях бяспекі Бэн Уолес.

"Калі мы дабяромся да вас, мы прыйдзем па вас, па вашы актывы, і мы моцна ўскладнім вам жыццё", - папярэдзіў міністр.

Днямі ў Брытаніі ўвайшоў у дзеянне закон "Ордэр на багацце няяснага паходжання": ён дазваляе замарозіць актывы коштам ад 50 тысяч фунтаў і пачаць расследаванне ў выпадку, калі іх уладальнік не можа растлумачыць, на якіх законных падставах яны былі атрыманыя. Паводле звестак Times, улады ўжо вызначылі дзясяткі мэтаў для расследавання.

Пад пільную ўвагу трапяць і прадстаўнікі заканадаўчай улады. Тым з іх, хто "раптам купляе раскошны таўнхаўз у цэнтры Лондана", давядзецца растлумачыць, якім чынам яны за яго заплацілі, паабяцаў Уолес.

"Брыдота пад глянцам"

Серыял "Макмафія" - папулярны супольны праект ВВС і амерыканскай студыі AMC, які выйшаў на экраны ў Вялікабрытаніі 1 студзеня. Васьмісерыйная драма распавядае аб міжнародным злачынным сіндыкаце, якім кіруюць выхадцы з Расеі.

Міністр Уолес назваў яе адной з тых гісторый, "дзе факт апярэджвае выдумку".

"Гэта сапраўды добрая выява шыкоўна адзетых заможных людзей, але прасачыце за грашыма, і яны прывядуць вас да маладой дзяўчыны, якая становіцца ахвярай гандлю людзьмі ў сэкс-індустрыі", - сказаў Уолес.

"Пад глянцам хаваецца брыдота", - дадаў міністр.

На думку сябра брытанскага ўрада, стваральнікам серыяла ўдалося "вельмі блізка да праўды" перадаць уяўленні аб "міжнародным характары арганізаванай злачыннасці і беспакаранасці некаторых людзей", а таксама жорсткасці злачыннага свету.

Расейскае пасольства ў Вялікабрытаніі раней абвінаваціла стваральнікаў серыяла, знятага паводле кнігі былога карэспандэнта ВВС Мішы Глені, у распаўсюдзе хлуслівых стэрэатыпаў.

Адразу пасля выхаду першых эпізодаў у "Твітэры" расейскай дыпмісіі з'явілася апытанне: "Як вы думаеце, колькі расейцаў напраўду знаходзяцца ў турмах Вялікабрытаніі?"

Праз некалькі дзён пасля гэтага амбасада Расеі паведаміла ў сваім "Твітэры" адказ - менш за 10.

Апошнія навіны