BE RU EN

У Беларусі ў 2017 годзе за «п'яную» язду канфіскавалі 861 легкавы аўтамабіль

  • 6.02.2018, 21:15

Таксама былі канфіскаваныя 2 грузавікі, 17 трактароў, 39 мапедаў і 48 матацыклаў.

У 2017 годзе за злачынствы, прадугледжаныя арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса («Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання агляду»), пакаранні атрымалі больш за тысячу чалавек. Апроч іншага, спецыяльнай канфіскацыі падпалі іх транспартныя сродкі. Такую інфармацыю сёння апублікавала Генеральная пракуратура, паведамляе «Онлайнер».

Летась спецыяльная канфіскацыя была ўжытая ў дачыненні да 39 мапедаў (скутэраў), 48 матацыклаў, 861 легкавога аўтамабіля, 2 грузавых аўтамабіляў, 17 трактароў, 28 транспартных сродкаў сельскагаспадарчага і іншага прызначэння.

Як адзначылі ў Генпракуратуры, 568 легкавых аўто з гэтага ліку належалі па праве ўласнасці абвінавачаным людзям, 174 машыны фактычна належалі абвінавачаным, але былі зарэгістраваныя на іншых людзей, 138 аўтамабіляў з'яўляліся ўласнасцю іншых грамадзян, 15 транспартных сродкаў (1,5%) належалі юрыдычным асобам, у тым ліку 4 - юрыдычным асобам дзяржаўнай формы ўласнасці, а дзве машыны і зусім не былі зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку.

У Генеральнай пракуратуры падкрэслілі, што колькасць канфіскаваных транспартных сродкаў у 2017 годзе зменшылася ў параўнанні з 2016 годам амаль на 20% (у 2016 годзе было канфіскавана 1247 аўтамабіляў, матацыклаў і іншай тэхнікі, а ў 2017 - 995 транспартных сродкаў).

- Дынаміка прымянення названай крымінальна-прававой меры сведчыць аб павышэнні яе прафілактычнага ўплыву, - мяркуюць у Генпракуратуры.

Нагадаем, што спецыяльная канфіскацыя аўто ўжываецца ў тым выпадку, калі чалавек трапіўся п'яным за стырном паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне. Акрамя гэтага, на падставе ч. 1. арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса прадугледжанае пакаранне аж да двух гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны