Пентагон пра новую зброю Пуціна: Мы цалкам гатовыя
- 1.03.2018, 21:46
Пентагон не здзівіўся заявам Пуціна пра новую зброю Расеі.
Афіцыйная прадстаўніца Пентагона Дана Уайт заявіла падчас брыфінгу, што ў ведамстве «не здзіўлены заявам» Уладзіміра Пуціна пра найноўшыя ўзбраенні Расеі, якія ён зрабіў падчас паслання Федэральнаму сходу, паведамляе РБК.
«Амерыканскі народ можа быць спакойны, таму што мы цалкам падрыхтаваныя», - дадала яна. Брыфінг трансляваўся на сайце Міністэрства абароны ЗША.
Такім чынам Уайт адказала на пытанне журналісткі пра выступ Пуціна. Прэзідэнт Расеі, пераказала яна, заявіў, што «ў Расеі ёсць непераможная зброя, якой можна нанесці ўдар па любым пункце ў ЗША».
Іншая журналістка адзначыла, што Пуцін патлумачыў з'яўленне новых узбраенняў тым, што адміністрацыя Дональда Трампа абвясціла пра планы ўмацавання свайго стратэгічнага арсенала. «Магчыма, ЗША вінаватыя ў новай ракетнай гонцы?» - спытала яна.
«Наша СРА... Яны (у Расеі. - РБК) выдатна ведаюць, што гэта не супраць іх. Наша сістэма супрацьракетнай абароны - яна не супраць Расеі. Мы павінны мець эфектыўны сродак стрымлівання ...> І мы гатовыя бараніць наш народ любой цаной», - адказала Уайт.
У выступе перад Федэральным сходам Пуцін распавёў пра новыя міжкантынентальныя балістычныя ракеты «Сармат», распрацаваныя на змену «Воеводе», пра беспілотныя ядзерныя падлодкі, крылатыя ядзерна-энэргетычныя ўстаноўкі неабмежаванай далёкасці і пра комплекс «Авангард», здольны паражаць мэты з космасу.